Як падзенне расійскага рубля адаб'ецца на Беларусі?
За дзень курс расійскага рубля на біржы абваліўся з 58 да 81 за долар.
Афіцыйны курс на сайце Цэнтрабанка Расіі не абнавіўся пасля 15 снежня, калі адзін долар каштаваў 58,34 расійскіх рубля. Новага курса па нейкіх прычынах няма. У гэты ж час на маскоўскай біржы адзін долар ужо каштуе больш за 71 рубель (пакуль рыхтаваўся матэрыял курс упаў да 81 рубля).
Таргі 15 снежня закрыліся на курсе ў 64,5 рубля за долар. Уначы Цэнтрабанк Расіі прыняў рашэнне падняць ключавую стаўку да 17,00% і разлічваў на адкат уніз. Гэта і адбылося раніцай: калі адкрылася біржа, долар каштаваў 58 рублёў.
Але ўжо да абеда сітуацыя пачала мяняцца, і ўсё вярнулася назад. А потым учорашні максімум у 65 рублёў за долар быў пабіты, кажа фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Мінску Вадзім Іосуб.
Чаму ЦБР не мяняе афіцыйны курс?
"Магчыма, яны ў разгубленасці, бо чакалі адваротнай рэакцыі рынку, і не зусім разумеюць, як у такой сітуацыі фармаваць афіцыйны курс", — лічыць Іосуб.
Расійскія банкі, у сваю чаргу, гандлююць валютай з вялікай розніцай паміж купляй і продажам (70 і 80 рублёў адпаведна).
Іосуб: "Гэта "вілка" вакол бягучага біржавага курса. Зразумела, што ўстаноўлены ўчора афіцыйны курс ужо ні прі чым. Па-другое, калі такія агромныя хістанні, сёння амплітуда каля 13 рублёў, што амаль 20%. Усе хочуць падстрахавацца і раздвігаюць спрэд. Зараз курс куплі вышэйшы, чым раніцай быў курс продажу. Нейкія спекулянты маглі на гэтым зарабіць: раніцай набыць долары, а цяпер прадаць з прыбыткам".
Як жа гэта можа адбіцца на сітуацыі ў Беларусі? Вядома, што падзенне расійскага рубля робіць нашу прадукцыю неканкурэнтназдольнай на расійскім рынку, кажа Вадзім Іосуб.
Іосуб: "Лічу, што экспарт, акрамя харчовай прадукцыі, будзе катастрафічна зніжацца. Будуць зніжацца паступленні валюты ад экспарту, будуць зніжацца падаткі ад экспарту. Па ідэі, нармальнай рэакцыяй было бы змяненне рэжыму ўтварэння курса. Але ў нас гэта пытанне не эканамічнае, а палітычнае. Таму не зразумела, ці будзе прынятае такое рашэнне".
Пакуль рыхтаваўся гэты матэрыял, ЦБР апублікаваў новы афіцыйны курс на 17 снежня — 61,15 рублёў за долар. А курс на біржы ўжо дасягнуў 81 рубля. У абменніках долар прадаюць і купляюць па 75 і 90 рублёў адпаведна.
Фота — lastbabylon.com