Як паступаў у ліцэй БДУ сын міністра адукацыі

Сын міністра адукацыі Беларусі Міхаіла Жураўкова сёлета скончыў 9 класаў і паступіў у ліцэй БДУ. Размовы пра тое, што сын міністра трапіў у прэстыжны ліцэй за імя, з’явіліся адразу ж. Еўрарадыё вырашыла даведацца, як паступаў сын міністра адукацыі.

“Мікіта Жураўкоў хадзіў да нас на падрыхтоўчыя курсы і вельмі добра сябе паказаў: у яго былі добрыя адзнакі, таму чуткі беспадстаўныя”, — кажуць у ліцэі.

Усяго на кірунак “Грамадазнаўства” спрабавалі паступіць 166 абітурыентаў. Набіралі два класы па 22 чалавекі. Конкурс склаў 3,9 чалавекі на месца, а прахадны бал — 116.

Абітурыенты здавалі два экзамены — тэсты па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве альбо сусветнай гісторыі на выбар. На падрыхтоўчых курсах Мікіта вывучаў гісторыю Беларусі. На двух экзаменах ён набраў 122 балы — 64 і 58 балаў за кожны.

Гэта не самы высокі бал, на 6 балаў больш за прахадны. Лепш за Мікіту Жураўкова здалі экзамен 33 чалавекі. Паўпрахадны бал склаў 115 — на адно месца прэтэндуюць 3 чалавекі, іх будуць залічваць па конкурсе атэстатаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі