Як праходзіла аперацыя Юліі Кубаравай

Другі дзень суда па справе смерці гарадзенкі Юліі Кубаравай пачынаецца з выступу пракурора. Ён амаль тры гадзіны без перапынку чытае пастановы аб узбуджэнні крымінальных спраў у дачыненні да былога генеральнага дырэктара, галоўнага інжынера і ўрача-анестэзіёлага. Расказвае і пра саму аперацыю.

“Апарат падаў гукавы сігнал трывогі, а на маніторы высвецілася паведамленне аб памылцы, яна ўказвала на разгерметызацыю контуру і адсутнасць руху дыхальнай сумесі праз датчык патоку на ўдыху і выдыху. Адначасова медсястра адзначыла змену паказанняў пульсу”, — будзённым голасам з запінкамі чытае дзяржаўны абвінаваўца свае паперкі.

Калі верыць пракурору, то пластычная аперацыя Юліі Кубаравай пачалася каля 17-ай гадзіны. Анестэзіёлаг Аляксандр Шураў гаворыць, што перад яе пачаткам праверыў апарат штучнага дыхання — усё было ў парадку. Але ўжо праз гадзіну, у 17.53, у аперацыйнай раптам гучыць сігнал трывогі. Што насамрэч адбываецца ў памяшканні далей, ведаюць толькі прысутныя там урачы. Згодна з версіяй абвінавачання, яны спрабавалі “перазапусціць” складаную тэхнічную прыладу самым звычайным спосабам — выключаючы і ўключаючы яе.

“Ён спрабаваў перазапусціць апарат, уключаючы і выключаючы яго. Пасля фіксацыі апаратам тэхнічнай памылкі доктар выключыў яго. У 18.19 зноў уключыў. Выставіў стандартныя параметры. Але апарат зноў паказаў тэхнічную памылку”.

Аперацыя скончылася толькі каля 19-ай гадзіны. Згодна з версіяй следства, апошнія 25—30 хвілін апарат штучнага дыхання пастаянна працаваў са збоямі. Што ў выніку выклікала кіслароднае галаданне, ацёк галаўнога мозга і стала прычынай комы.

Можна толькі здагадвацца, што адчуваюць прысутныя на працэсе бацькі і блізкія Юліі Кубаравай. Абвінавачаныя ж паводзяць сябе спакойна і падкрэслена стрымана. Сваю віну прызнае толькі ўрач-анестэзіёлаг, і тое часткова. Аляксандр Шураў кажа, што недаацаніў стан сваёй пацыенткі, парушэнне службовых інструкцый адмаўляе. Адказваць на пытанні пракурора ўрач пачынае з выбачэнняў перад роднымі Юліі.

Пракурор тым часам раскрывае новыя падрабязнасці аперацыі. Гаворыць, што падчас аднаго са збояў апарата штучнага дыхання ў дзяўчыны спыніліся сэрца. Урачы прыпынілі аперацыю, павялі масаж сэрца, а пасля… зноў падключылі да сапсаванага апарата.

“Падчас збою ў працы апарата адбылося спыненне сэрца пацыенткі. Пасля чаго па ўказанні Шурава пластычная аперацыя была спыненая, правялі масаж сэрца, рэанімацыйныя мерапрыемствы. Хворую перавялі на ручную вентыляцыю лёгкіх”.

Другі дзень суда па справе “Экамедсэрвіса” раскрывае і іншыя падрабязнасці. У прыватнасці, тое, што ўрач-анестэзіёлаг адразу пасля завяршэння аперацыі Кубаравай тэрмінова выехаў у Маскву, дзе ўдзельнічаў у іншай аперацыі. А таксама аб тым, што апарат штучнага дыхання “МК 1.2”, згодна з інструкцыяй, неабходна было абслугоўваць з удзелам адмысловых спецыялістаў мінімум раз на паўгода. У “Экамедсэрвісе” ж яго абслугоўвалі апошні раз за тры гады да трагедыі. Анестэзіёлаг Шураў расказвае таксама, што некаторыя пастановы Мінздароўя да “Экамедсэрвіса” папросту не даходзілі. У тым ліку, і датычныя да працы анестэзіёлагаў, якіх на ўвесь беларуска-амерыканскі медцэнтр налічваўся… адзін Шураў з памочніцай медсястрой.

Былая дырэктарка медцэнтра Валжанкіна сваёй віны не прызнае. Як і галоўны інжынер Ліхута, непасрэдна адказны за стан медыцынскага абсталявання. Ён, між іншым, па-ранейшаму працуе на сваёй пасадзе, крымінальная справа гэтаму не замінае.

Працяг суда — 13 студзеня. Пракурор скончыць допыт абвінавачаных і пачне дапытваць сведак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі