Як у Гродне сустракалі Змітра Дашкевіча (фота, відэа)
Раніцай у сераду на волю выйшаў палітвязень, які знаходзіўся за кратамі ад снежня 2010 года.
Каля гродзенскай турмы Змітра сустракалі жонка, дзясяткі сяброў і журналісты.
Зміцер Дашкевіч у інтэрв'ю Еўрарадыё пасля выхаду з-за кратаў: "Дзякуй! Адчуваю сябе добра. "Шашкі нагала" мы зараз, мітынг арганізоўваем тут... Маладафронтаўцы павінны нешта прыдумаць... Як вызвалілі? У 6.30 адчынілі дзверы і сказалі: "Давай, Дашкевіч, няма сіл цябе цярпець тут больш"... Што дапамагло вытрымаць гэтыя гады за кратамі? Госпад дапамог, каханая жонка, сябры, вернікі, усім вялізны дзякуй!"
Нагадаем, што лідар незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" Зміцер Дашкевіч і яго паплечнік Эдуард Лобаў былі арыштаваныя 18 снежня 2010 года — напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Іх звінавацілі ў збіцці двух мінчукоў і асудзілі. Затрыманне і арышт маладафронтаўцаў палітыкі і праваабаронцы ацанілі як прэвентыўную меру запалохвання перад выбарамі.
У сакавіку 2011-га Дашкевіч быў асуджаны на два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, нібыта, за хуліганства. У 2012-м у глыбоцкай калоніі палітвязень атрымаў дадатковы год пазбаўлення волі за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі". З восені мінулага года Дашкевіч знаходзіўся ў гродзенскай турме.
Пасля вызвалення Змітра Дашкевіча на паўгода пакінуць пад прэвентыўным наглядам. Гэта значыць, што ён павінен быць дома з 8-й вечара да 6-й раніцы, тры разы на месяц адзначацца ў міліцыі. Змітру Дашкевічу 32 гады.