У Мінску прадаюцца майкі з Пуціным ― “Самым вежливым из людей” (фота)
Прадавачка Ірына скардзіцца на дрэнную рэпутацыю прэзідэнта Расіі і кажа, што нават некаторыя афганцы і вэдэвэшнікі ― на баку Украіны
На адной з кніжных выстаў Мінска прадаюцца эпатажныя майкі з выявай Пуціна. На іх кіраўніка Расіі выставілі героем баевіка. Фотаздымкі Пуціна суправаджае тэкст “Самый вежливый из людей”, “Нас не догонят” и “Наш ответ на санкции США”. Прадаюцца майкі па цане 150 тысяч рублёў за штуку.
“Попытам яны абсалютна не карыстаюцца. Нікому гэтыя майкі не патрэбныя, ― канстатуе уладальніца кропкі Ірына. ― Лепш возьмуць Jack Daniel’s, “Не вер, не бойся не прасі”, нейкія майкі кшталту “ВДВ”. А з Пуціным не, на жаль. Я думала, на ім падымуся, а ідуць яны вельмі дрэнна. Таму што палітыка Пуціна такая, што нават галандцы сталі адмаўляцца ад маек “СССР”. Раней бралі са Сталінам. Але, як сказаў адзін хлопец з Нідэрландаў: “Я б узяў, але ж мне пасля крушэння самалёта дома надаюць па твары проста”. І калі па тэлебачанні паказваюць, што па Пуціна ў маскоўскім ЦУМе чарга стаіць. Гэта ўсё лухта”.
На пярэстай Ірынінай кропцы, дарэчы, не толькі “прапуцінская рэклама”. Ёсць тут і рокерскія бранзалеты, кійкі, капелюшы, рознага кшталту лямпы і многае іншае. Аздабляе кропку і сувенірны расійскі сцяжок. Аказалася, што ўсю прадукцыю уладальніца Ірына закупляе ў Маскве, адсюль і такая прарасійская скіраванасць. Чаго не скажаш пра саму гаспадыню тавару.
Еўрарадыё: А хто купляе майкі “ВДВ”?
Ірына: У-у-у-у-у! Востраў слёз побач! Пацаны прыходзяць. Тыя, што ваявалі. Тыя, што пралівалі кроў. Марскі флот часам наведваецца. Пагранцам маек аднойчы прывезла, тыя як напіліся і толькі ў наступным годзе па іх з’явіліся. Калі хочаце пра жыццё даведацца, не трэба нідзе шарыцца. Станьце на кропку, да вас прыйдуць і ўсё раскажуць.
Еўрарадыё: Мы думалі, што рознага кшталту вэдэвэшнікі ― фанаты Пуціна. Дзіўна, што майкі з расійскім прэзідэнтам дрэнна ідуць…
Ірына: Не, Украіна паказала, што там стаяць і тыя, і тыя. Людзей не бывае аднолькавых, гэта як грамадзянская вайна.
Тут на кропку наведваецца дзяўчынка-падлетак і цікавіцца сумкай, размаляванай гатычнымі выявамі.
“Сто тысяч для харошай дзяўчынкі! Куленепрабівальная, воданепранікальная, сонцаахоўчая, ― рэкламуе Ірына. ― Толькі ў нас і толькі для вас. Як заплечнік носіцца. Вельмі зручная ў аэрапорце, залезе ў яе кілаграмаў 50. Золата…”
Хоць Пуцін прадаецца дрэнна, Ірына прызнаецца, што любіць сваю працу і сваіх кліентаў, хоць людзі прыходзяць самыя розныя. Не крытыкуе яна нікога з персанажаў, якія адпрынтаваныя на яе прадукцыі. Пуцін, Усама бін Ладэн, Абама, Чэ Гевара ― усё мае права існаваць, так простымі словамі выяўляе сваю філасофію Ірына.
А на развітанне прадпрымальніца адпраўляе Еўрарадыё да мапы ВКЛ 14-га стагоддзя. Каб патлумачыць, якой агромістай была наша зямля некалі і зусім не абавязкова сёння браць у рукі зброю і адваёўваць гэтыя тэрыторыі ў Расіі, Украіны ды Польшчы.