Як выбраць навагоднюю ёлку і не нашкодзіць прыродзе: парады эколагаў
Хутка Новы год!
У Беларусі 16 снежня пачнуць працаваць ёлачныя кірмашы. "Экадом" падрыхтаваў рэкамендацыі для беларусаў па выбары ёлкі: жывая, штучная або з падручных матэрыялаў. Які з гэтых варыянтаў самы экалагічны?
Еўрарадыё пераказвае галоўнае і жадае вам шчаслівага Раства і Новага года.
Самая экалагічная ёлка для вашага дома
Самы экалагічны варыянт ёлкі — гэта той, які не робіць шкоды вам і навакольнаму асяроддзю. Напрыклад, ялінка з падручных матэрыялаў.
Гэта могуць быць вашы фотаздымкі з успамінамі або кампазіцыя са знойдзеных у лесе сасновых і яловых галінак.
У выглядзе ёлкі можна скласці кнігі, сухія галінкі, усталяваць драбінкі або штатыў ад фотаапарата.
— Самым экалагічным варыянтам будуць не звыклыя для нас штучныя або жывыя ялінкі, а тыя, што з'явіліся дзякуючы выкарыстанню хатняга дэкору з дадаткам святочных элементаў. Так выкарыстоўваюцца тыя рэсурсы, якія ў вас ужо ёсць, — расказвае кансультантка па экапрыязным ладзе жыцця.
Жывая ёлка vs штучная ёлка
— На здзіўленне многіх, будзе больш правільна звярнуць увагу на натуральную ёлку. Але тут давядзецца выканаць некалькі ўмоў: месца пакупкі, узрост дрэва і магчымасць правільнай утылізацыі, — тлумачыць кансультантка "Экадома".
Узрост ялінкі не павінен перавышаць 3-4 гады, а набываць іх трэба толькі ў спецыяльных месцах: у лясніцтвах, на арганізаваных ёлачных кірмашах і ў крамах, але пры наяўнасці адпаведных дакументаў.
Не варта самому прыносіць ёлку з лесу ці парку. За такія дзеянні можна атрымаць штраф да 30 базавых велічынь.
Але ёсць і легальны шлях. Можна звярнуцца ў найбліжэйшае лясніцтва і атрымаць неабходныя дакументы. Затым у суправаджэнні супрацоўніка лясгаса прайсці ў строга прызначанае месца і ўжо там ссекчы запаветную ёлку.
Самы папулярны і даступны спосаб набыць пахкую жывую ялінку — кірмашы.
Але і за імі патрэбны пільны догляд.
— Плюс да экалагічнасці выбару жывой ёлкі дадасць яе правільная ўтылізацыя, калі пасля навагодніх святаў вы знойдзеце магчымасць даставіць яе на спецыялізаваную кантэйнерную пляцоўку, дзе ў рамках гарадской праграмы збору елак дрэва адправіцца на перапрацоўку ў дранку. А тая, у сваю чаргу, будзе выкарыстаная для гаспадарчых мэтаў, — кажа кансультантка. — Толькі ў такім выпадку варыянт з жывой ёлкай можна назваць адносна экалагічным.
Што тычыцца штучных ялінак, то з імі таксама неадназначна:
— Памятайце, што такая пластыкавая прадукцыя другаснай перапрацоўцы не падлягае. Таму падлічана, што штучная ёлка будзе экалагічная ў выпадку, калі вы выкарыстоўваеце яе больш за 20 гадоў, — тлумачыць кансультантка. — Пры выбары звярніце ўвагу на вонкавы выгляд ёлкі і адсутнасць таксічнага паху, адслаення фарбы, увагнутасцяў, дэфектаў пластыку. Калі выявілі іх, лепш адмоўцеся ад пакупкі, бо такі пластык можа зрабіць шкоду не толькі навакольнаму асяроддзю, але і вашаму здароўю.
Жывая ёлка за горадам
Можна проста аздобіць ялінку, якая расце недалёка ад месца святкавання, толькі ўважліва выбірайце ўпрыгажэнні: яны не павінны ўтрымліваць мікрапластык.
Букет з галінак замест цэлай ёлкі
На тэрыторыі ёлачных кірмашоў іх заўсёды дастаткова. Вы можаце іх узяць/купіць у прадаўцоў і тым самым даць апалым і абламаным галінкам другі шанец пажыць даўжэй.
Як і летась, у Мінску вывазам сабраных у насельніцтва ёлак будуць займацца дзве кампаніі. У "РЭМОНДЗІС Мінск" — каля тысячы кропак, куды можна прывезці навагодняе дрэва. Гэта месцы збору, вызначаныя адміністрацыяй Маскоўскага, Кастрычніцкага і Фрунзенскага раёнаў сталіцы.
У астатніх шасці раёнах такія паслугі аказвае "Спецкамунаўтатранс".
У "РЭМОНДЗІС Мінск" ёсць уласная вытворчая пляцоўка, на якой ёлкі ператвараюцца ў кампост: на выхадзе з адной тоны дрэваў атрымліваецца каля 500-600 кілаграмаў карыснага арганічнага ўгнаення.
"Спецкамунаўтатранс" павязе сабраныя елкі на сваю смеццесартавальную вытворчасць, дзе іх спаляць у кацельні для абагравання завода.
У Мінскім раёне вывазам елак займаецца дзяржаўнае прадпрыемства "ЭкаСпецТранс".
— Практыка паказала, што людзі адмаўляюцца ад жывых ёлак і набываюць штучныя. Бо на кантэйнерных пляцоўках пасля святаў жывых вельмі мала. У нас заключаныя дагаворы з "РЭМОНДЗІС Мінск" і "Экалогіяй горада". Калі збіраецца дастатковая для адной транспартнай адзінкі колькасць жывых ёлак, менавіта зялёных, а не падсушаных, то мы іх і вязём у гэтыя арганізацыі. Але, як правіла, пасля святаў ёлак у адпаведным стане — адзінкі. У асноўным іх выносяць позна і ўжо досыць сухімі. У такім выпадку яны ўтылізуюцца на палігоне, — тлумачылі прадстаўнікі арганізацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.