Як забілі гандбаліста зборнай Рамана Лукашука (відэа)

Адзін з самых перспектыўных беларускіх гандбалістаў Раман Лукашук атрымаў смяротныя траўмы ля сталічнага клуба “Мулен Руж” летась у верасні. Праз дзевяць месяцаў за гэта шэсць гадоў пазбаўлення волі атрымаў Максім Урубухаў, які адпачываў у тым жа клубе ў тую ж трагічную ноч. Асуджаны віну прызнаў.

Максім Урубухаў

Аднак адразу ж пасля вынясення прысуду Аляксандр Лукашук, бацька забітага гандбаліста, выказаўся, што пасадзілі невінаватага. Паводле яго версіі, смяротную траўму Раману нанёс В. — аднаклубнік па “СКА-Мінск”.

“Пры разглядзе справы судом дапушчаныя істотныя парушэнні крымінальна-працэсуальнага закону, аднабаковасць і непаўната судовага следства”, — так у хуткім часе пасля прысуду адрэагавала пракуратура Мінска. У прэзідыум гарадскога суда быў прынесены пратэст, каб спрэчныя судовыя рашэнні былі адмененыя. Хутчэй за ўсё наперадзе новыя суды.

У аўторак, 21 ліпеня, Аляксандр Лукашук прыехаў з Брэста у Мінск, каб прадэманстраваць відэазапісы з камер назірання, усталяваных ля клуба. Бацька загінулага яшчэ раз паведаміў пра шматлікія хібы следства і судовага працэсу: не знайшлі таксоўку, у якой траўмаванага гандбаліста везлі дадому, не дапыталі многіх важных сведак і гэтак далей. Але найбольшую цікавасць выклікалі запісы з камер назірання.

На адным з відэа, хоць і дрэнна, але бачны момант, калі Раману Лукашуку нанеслі смяротны ўдар. Забойца, пасля таго як пацярпелы ўпаў на асфальт, пабег да ўваходу ў клуб. Пры гэтым ён, як лічыць Аляксандр Лукашук, выпадкова сутыкнуўся з Максімам Урубухавым. На запісе з іншай камеры відаць, як сек’юрыці не падпускаюць да забойцы нейкага чалавека. Бацька загінулага ўпэўнены, што гэта і ёсць Урубухаў, які ў бойцы зусім не ўдзельнічаў.

Наконт гэтага відэа яшчэ можна дыскутаваць. Але ў матэрыялах справы, як сцвярджае бацька загінулага, ёсць запіс з туалета. На ім Раман апрануты у майку белага колеру. Але ў якасці рэчавых доказаў з суда сям’і Рамана перадалі іншую майку — чырвона-бела-сінюю, з палоскамі. Аляксандр Лукашук перакананы, што ў матэрыялы справы змясцілі зусім іншае відэа. Гэта было магчыма, бо клуб “Мулен Руж, як згадвае бацька загінулага, сын наведваў чатыры гады.

Відэазапісы, якія прадэманстраваў Аляксандр Лукашук, відавочна адрозніваюцца ад інфармацыі, якія следству даваў разыгрываючы “СКА-Мінск” Максім Сончык. Ён бачыў момант трагічнага ўдару і вёз траўмаванага гандбаліста на таксоўцы дадому.  

Дык вось, Сончык, паводле пратаколу допыту, сцвярджае, што да Лукашука падышоў незнаёмы хлопец і пачаў правакаваць на канфлікт. На гэта Лукашук абняў яго, каб спыніць агрэсію, а той стукнуў гандбаліста, які пры падзенні стукнуўся аб таксоўку і асфальт. На відэа ясна відаць, што на месцы здарэння ніякай таксоўкі няма.

Аляксандр Лукашук цвёрда перакананы, што крымінальную справу сфальсіфікавалі, каб беларускі гандбол не аскандаліўся на ўвесь спартовы свет і каб пакінуць на волі адразу некалькіх іншых перспектыўных гульцоў.

Матыў, па якім аднаклубнік В. мог ударыць Рамана Лукашука, падаецца незразумелым. Сям’я загінулага лічыць, што такім чынам іх блізкага чалавека хацелі наўмысна і мэтанакіравана траўмаваць за тыдзень да збораў нацыянальнай каманды.

Такім чынам, следства, і суд па справе забойства гандбаліста выліліся ў скандал. Сям’я забітага не верыць у вінаватасць асуджанага, доказная база выклікае пытанні, пракуратура прызнае парушэнні судовага працэсу. Пытанняў з’яўляецца ўсё больш і больш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі