Як знайсці перадвыбарчую праграмму АДС

Практыка выбараў у незалежнай Беларусі паказвае, што выбаршчык галасуе сэрцам. То бок, выбар адбываецца паміж прадстаўнікамі партый, а не паміж іх праграмамі. Што рабіць тым, хто жадае галасаваць за кандыдата ад АДС, але каму цікава, чым будзе займацца гэты кандыдат у выпадку перамогі на выбарах? Дзе выбаршчык можа пазнаёміцца з выбарчай праграмай АДС? Гэтыя пытанні Еўрапейскае радыё для Беларусі задала прадстаўнікам арганізацый і партый, якія складаюць Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы.

Усе прадстаўнікі сышліся на тым, што сумесная праграма АДС адлюстравана у “Пасланні да выбаршчыкаў”.

Анатоль Лябедзька, старшыня АГП, кажа, што акрамя тэкста “Паслання”, не існуе адзінай праграмы. У кожнага прэтэндэнта яна свая.

Анатоль Лябедзька: Ёсць толькі тэкст паслання АДС.

Аднак, дакумента з назвай “Пасланне да выбаршчыкаў” на сайце АДС няма.

Старшыня Партыі Камуністаў Беларусі Сяргей Калякін думае, што праграмай АДС трэба лічыць таксама Малую канстытуцыю, платформу па сацыяльна-эканамічных пытаннях, Стратэгію.

Сяргей Калякін: Праграма АДС была прынятая яшчэ на кангрэсе. Гэта шэраг вялікіх дакументаў. У тым ліку гэта Малая канстытуцыя, гэта платформа АДС па сацыяльна-эканамічных пытаннях, гэта Стратэгія АДС.

У лідэра партыі БНФ Лявона Баршчэўскага Еўрапейскае радыё для Беларусі спытала, хто быў аўтарам праграмы. На гэта ён адказаў, што зараз гэта не мае значэння, таму што за яе прагаласаваў прэзідыум АДС.

Лявон Баршчэўскі: Гэта ужо не мае значэння. Працавала спецыяльная праграмная група. Але праграма набыла свой кшталт пасля зацверджання прэзідыумам.

Анатоль Ляўковіч (БСДП) лічыць, што распаўсюд праграмы, або “Паслання АДС да выбаршчыкаў”, — гэта справа тэхнікі. Галоўнае — што мэсідж ужо ідзе.

Анатоль Ляўковіч: Прынамсі, невялікі мэсідж ужо ідзе. А там паглядзім. Гэта ўжо справа тэхнікі.

А Віктар Карняенка (рух Мілінкевіча “За Свабоду”) кажа, што ўвогуле не займаецца ніякімі мэсіджамі ды пасланнямі. Ён адказны толькі за кампанію “За свабодныя і справядлівыя выбары”.

Віктар Карняенка: Я ў рамках АДС займаюся толькі праектам “За свабодныя і справядлівыя выбары”. Пасланні і мэсіджы – гэта не маё. Я гэтага не ведаю.

Нягледзячы на ўсе намаганні АДС па распаўсюдзе перадвыбарчай праграмы, палітолаг Аляксандр Фядута з гэтым дакументам пакуль што не знаёмы. Пра тое, што ён існуе, Фядута ведае толькі з інтэрнэту.

Аляксандр Фядута: Я не чытаў перадвыбарчую праграму АДС. Я бачыў, што ў блогах распаўсюджваецца нейкая лістоўка. Адначасова ў іншых блогах пішуць, што гэта фальшыўка. Пасля я даведваюся, таксама з інтэрнэту, што затрымалі Лябедзьку, які распаўсюджваў праграму АДС... Магу сказаць толькі тое, што я як грамадзянін Беларусі з гэтай праграмай не знаёмы.


Фота – Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі