Якія меры трэба прыняць у Беларусі, каб не дапусціць сітуацыі як у Расіі

Панядзелак і аўторак назвалі ў Расіі чорнымі праз рэзкае падзенне расійскага рубля. Ці не пацягнецца за расійскім рублём беларускі і што рабіць кіраўніцтву краіны? Еўрарадыё сабрала парады беларускіх эканамістаў.

Леанід Злотнікаў рэкамендуе праводзіць дэвальвацыю, якую, на яго думку, трэба было праводзіць яшчэ ўчора.

“Дэвальвацыя непазбежная, бо трэба зберагчы экспарт. І рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, — глупства. Прыкладна ў паўтара разу дэвальваваць рубель трэба. Расійскі рубель дэвальваваўся ў два разы, значыць, і нам прыкладна столькі ж”, — кажа эканаміст.

Варта згадаць, што менавіта Леанід Злотнікаў даўно рэкамендаваў уладам зрабіць усеагульны распродаж, каб разгрузіць склады прадпрыемстваў. Цяпер жа без дэвальвацыі беларускага рубля ў нашай прадукцыі ўсе шанцы застацца на складах. Падзенне расійскага рубля робіць беларускія тавары неканкурэнтаздольнымі на расійскім рынку.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” Вадзім Іосуб засцерагае ад аднамомантнай дэвальвацыі і падкрэслівае, што рэгуляванне курса палітычнымі мерамі, а не эканамічнымі моцна ўплывае на сітуацыю. Ён прапануе адыходзіць ад штучнага фармавання курса долара.

“Праводзіць дэвальвацыю немэтазгодна і можа прынесці больш шкоды. Рэзка ўпадуць даходы насельніцтва, абясцэняцца рублёвыя дэпазіты, людзі надоўга перастануць давяраць рублю і перастануць захоўваць грошы ў рублях. Ідэальна было б перайсці на плаваючы курс. Магчыма, паступова рухацца ў гэтым кірунку. Можна адмовіцца ад абмежавання ў 10 рублёў за дзень. Наступны крок — адыход ад прынцыпу, што долар павінен даражаць. Гэта дазволіць падняць ці апусціць долар, як таго патрабуе сітуацыя. Наступны крок — арыентацыя не на долар, а на валютны кошык”.

Навуковец-эканаміст, акадэмік Пётр Нікіценка падкрэслівае, што беларусы, як і расіяне, жывуць за кошт чужых грошай. Але спосаб выйсця з гэтай сітуацыі ён трымае ў сакрэце.

“Механізм ёсць, але ён не можа быць агучаны ў дэталях, якія трэба сёння вырашаць. Перш за ўсё апора на нацыянальную грашовую сістэму, на свае прыродныя рукатворныя рэсурсы, распрацоўка свайго механізму гаспадарання, якое б абапіралася на неўлязанне ў пазыкі. Мы заўсёды жывем за кошт іншых! Вось асноўная прычына, нам навязваюць гэтую тэму, і мы жывем. Адзін прэзідэнт у нас жыве на вятры гэтых адносін, спрабуе мацюкацца з усім светам, але ж яго аблыталі вяроўкамі!” — кажа навуковец. Эканаміст упэўнены, што цуду ў Беларусі не быць.

А вось эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што найбольш дзейснымі мерамі будуць скарачэнне дзяржвыдаткаў і карэкцыя грашовай палітыкі на наступны год.

“Перш за ўсё — карэкцыя грашовай палітыкі. У гэтай сітуацыі, калі нас чакае рэцэсія, трэба звязаць грашовую масу і паменшыць яе. Бо калі будуць друкаваць грошы і не будзе хапаць валюты, гэта яшчэ больш паўплывае на курс. Пагроза дэвальвацыі будзе ўзрастаць”, — кажа Яраслаў Раманчук.

На думку эксперта, неабходна карэктаваць бюджэтную палітыку з ліквідаваннем выдаткаў, без якіх у сітуацыі крызісу можна пражыць. Разумнае выкарыстанне бюджэтных грошай можа вызваліць каля 7 мільярдаў долараў!

“Інвестыцыі трэба рабіць толькі на ўзроўні прадпрыемстваў, а не на ўзроўні нейкіх дзяржпраграм (да прыкладу, мадэрнізацыя), якія і ў больш спакойныя часы паказалі сваю неэфектыўнасць”, — кажа Раманчук.

На думку эканаміста, значна лепш зменшыць падаткі, каб у прадпрыемстваў было больш абаротнага капіталу для самастойнага прыняцця рашэнняў.

Да таго ж эканаміст рэкамендуе адмовіцца ад штучнага рэгулявання цэнаў, чым цяпер займаецца Мінгандаль.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі