Якое надвор’е будзе ў лютым і ці варта рыхтавацца да “Хаўера-2015”?

Беларускія метэаролагі кажуць, што другая дэкада студзеня (з 11-га па 20 студзеня) стала самай цёплай за апошнія 15 год. Толькі з панядзелка, 26 студзеня, адчуецца рост атмасфернага ціску і пачне падмарожваць. Нямоцна, бо сур’ёзныя маразы ў абыход Беларусі накіраваліся на Расію.

“А якім будзе люты?” — цікавіцца Еўрарадыё ў кіраўніка службы прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрыя Рабава.

“Чакаецца калякліматычная норма, якая для нашай краіны складае ад -4 да -8 градусаў. У сярэднім для лютага адзначаецца ад 7 да 12 дзён з адлігай”, — канстатуе метэаролаг. 

Хаўер-2015: выключаць нельга

Многія памятаюць, як у сярэдзіне сакавіка 2013 года на Беларусь абрынуўся “снежны апакаліпсіс” Хаўер. Людзям даводзілася кідаць машыны проста на дарозе. Трасы заносіла снегам так, што на чатырохпалоснай магістралі на наступны дзень з цяжкасцю ўдавалася вызваліць хаця б адну паласу. Пад сумётамі аўтааматары на раніцу не маглі знайсці сваіх чатырохколавых сяброў. З-за наваленых гурбаў снегу людзі з цяжкасцю выходзілі з хат і катэджаў — не маглі адчыніць дзверы.

“Калі вы хочаце спытацца пра Хаўер, пра цыклоны, гэтага нельга выключаць, — кажа Рабаў. — Якраз у зімні перыяд падчас пераходу да вясны цыклоны актывізуюцца. Але ўцэлым гэтай зімой ад непагадзі нас Бог уратаваў. З Заходняй Еўропы, скандынаўскіх краін негатыўныя прыродныя з’явы ішлі праз Балтыку, нас толькі краёчкам закранала: у асобныя дні быў парывісты вецер. А з поўдня непагадзь нас таксама абыходзіць праз Украіну і далей насоўваюцца на Расію”.

Чаму зімы робяцца ўсё больш мяккімі?

Мы маем другую запар цёплую зіму. Людзі, якім сёння па 40-50 год, узгадваюць, што ў іх дзяцінстве снегу намятала на тры метры ўвышыню. Ці не прывядзе імклівае глабальнае пацяпленне да нейкіх кліматычных катастроф у Беларусі?

“У нас ёсць метэаралагічныя назіранні З 1881 года. Навукоўцы пагаджаюцца, што самы цёплы перыяд з таго часу пачаўся з 1989 года, — апелюе да статыстыкі Дзмітрый Рабаў. — Пацяпленне ў большай ступені закранае зімы, якія ўжо не такія марозныя. Апошні раз тэмпература была ніжэйшай за 40 градусаў у далёкім 1940 годзе. Тэндэнцыя ідзе да таго, што сярэдняя тэмпература будзе, вядома, павышацца. Клімат сам па сабе мяняецца, але ў першую чаргу на гэта ўплывае дзейнасць чалавека — заводы, параходы, забруджванні і гэтак далей. Лясы высякаюцца — адразу мяняем клімат. Асушаюцца балоты, вады няма — і адразу экасістэма мяняецца: засухі, сухавеі з’яўляюцца. Разважаць можна доўга…”

“Як у выпадку небяспекі можна паўплываць на працэсы пацяплення?”

“Трэба менш забруджваць навакольнае асяроддзе і менш умешвацца ў прыроду… Мы — яе дзеці, і прырода нам такіх паводзінаў не даруе. Гэта мая асабістая думка”.

Небяспечныя з’явы, да якіх прыводзіць пацяпленне, абмінаюць Беларусь

Натуральна, мяккая зіма — гэта даволі выгадна для бюджэту: выдаткі на ацяпленне робяцца меншымі. Пацяпленне даволі пазітыўна ўплывае на прадуктыўнасць сельскай гаспадаркі. Хоць, як заўважае Рабаў, павялічваецца і колькасць засух. Таксама змяненне клімату мяняе сітуацыю з інфекцыйнымі хваробамі: іншыя тэмпературы — іншыя вірусы. Гэта таксама негатыўны фактар.

“Тое, што некаторыя пішуць страшылкі на форумах (маўляў, нас усіх затопіць), я б народ так не палохаў, — працягвае Дзмітрый Рабаў. — Але, паводле звестак Сусветнай метеаралагічнай арганізацыі і  незалежных экспертаў, ва ўсім свеце з-за пацяплення павялічваецца колькасць небяспечных з’яваў надвор’я. На жаль, насельніцтва не гатовае да гэтага. Паводкі, ураганы, цыклоны, тайфуны, засухі  прыводзяць да гібелі людзей і да мільярдных стратаў, асабліва ў краінах трэцяга свету. У Беларусі такога ўплыву не прасочваецца. Адзінае, што ўлетку павялічылася колькасць моцных залеваў і навальніц”.

Фота kraism.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі