Японія пацвердзіла затрыманне свайго грамадзяніна ў Беларусі
Затрыманы ў РБ японец
Японія пацвердзіла затрыманне свайго грамадзяніна ў Беларусі, яму аказваецца консульская падтрымка. Генеральны сакратар кабінета міністраў Ёсімаса Хаясі не назваў яго прозвішча: "Пасольства Японіі пацвердзіла, што мужчына ва ўзросце 50 гадоў быў затрыманы мясцовымі ўладамі за парушэнне ўнутранага заканадаўства". Японскі дыпламат сустрэўся з ім і пераканаўся, што "асаблівых праблем са здароўем у яго няма".
"Што тычыцца гэтай справы, то я хацеў бы ўстрымацца ад прадастаўлення якіх-небудзь падрабязнасцяў датычна прычыны затрымання, абставінаў, якія прывялі да затрымання, і г. д. Мы працягнем аказваць яму максімальную падтрымку", — заявіў Ёсімаса Хаясі.
У Мінску прапагандысты называюць затрыманага "агентам японскіх спецслужбаў". Ён нібыта збіраў інфармацыю пра ваенную інфраструктуру, сітуацыю на мяжы з Украінай і нават цікавіўся рэалізацыяй кітайскай ініцыятывы "Адзін пояс — адзін шлях".
У кароткім тэлеанонсе "спецрэпартажу", які "Беларусь 1" пакажа ўвечары 5 верасня, японец называе сваё імя — Наканісі Масатосі. На сайце Гомельскага дзяржуніверсітэта чалавек з такім імем пазначаны як выкладчык японскай мовы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.