Япрынцаў заявіў, што не будзе вяртаць сабе долю ў "Трайпле"

Япрынцаў заявіў, што не будзе вяртаць сабе долю ў "Трайпле"

29 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд апеляцыі па справе вядомага бізнесмена Уладзіміра Япрынцава і яго сына Казбека. Прысуд быў агучаны 23 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Уладзімір Япрынцаў, які першапачаткова абвінавачваўся ў махлярстве, учыненым арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, быў прызнаны вінаватым ва ўкрывальніцтве злачынства, пакараны штрафам каля 5 тысяч долараў і вызвалены ў зале суда. Два іншыя абвінавачваныя па гэтай справе (Казбек Япрынцаў і яго партнёр па бізнесе Аляксандр Арабян) асуджаныя на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Уладзімір Япрынцаў выдаваў сыну гарантыйныя лісты ад "Трайпла", меў зносіны з яго крэдыторамі, абяцаў вырашыць пытанне. Заяву ў КДБ у дачыненні да яго напісаў Юрый Чыж — гендырэктар "Трайпла". Паказанні супраць Япрынцава-старэйшага таксама даў яго сябар Міхаіл Маміяшвілі.

БелаПАН адзначае, што скаргі на прысуд падалі ўсе ўдзельнікі працэсу, за выключэннем пракурора. Бізнесмен Андрэй Рабцэвіч (у мінулым супрацоўнік АБЭЗ) і яго адвакат лічаць, што Уладзімір Япрынцаў павінен быў адказаць за махлярства гэтак жа, як яго сын і Аляксандр Арабян. А таксама заплаціць пацярпеламу каля 8 млн долараў. Бізнесмен Юрый Савяк і яго абаронца не пярэчылі супраць прызначаных пакаранняў, але папрасілі, каб суд усё ж задаволіў іх грамадзянскі іск на пакрыццё шкоды. А гэта — амаль 24 млн долараў. Суд, нагадаем, вырашыў, што гэта пытанне пацярпелыя павінны вырашаць асобна, у грамадзянскім працэсе. Былы спартсмен Андрэй Міхневіч заявіў, што ён, як і раней, настойвае, што ў дзеяннях Казбека Япрынцава не было махлярства. Ужо пасля вынясення прысуду жонка Казбека перадала яму 20 тысяч долараў у кошт пагашэння доўгу.

Мінскі гарадскі суд фактычна пакінуў без змены прысуд. Адзіная карэкціроўка — з прысуду прыбралі кватэру Казбека Япрынцава, на якую быў накладзены арышт.

Пасля заканчэння пасяджэння Уладзімір Япрынцаў заявіў, што не збіраецца ўзначальваць ФК "Дынама-Мінск", як раней гучала ў прэсе (хаця і прызнаў, што ў федэрацыі футбола прасілі напісаць, якой ён бачыць канцэпцыю клуба, і ён напісаў свае думкі). Япрынцаў не збіраецца вяртаць сваю долю (33%) у капітале "Трайпла", якую ён раней перавёў на расійскіх бізнесменаў Міхаіла Маміяшвілі і Іосіфа Аксенцьева, каб пагасіць перад імі даўгі за сына.

Япрынцаў заявіў, што не будзе вяртаць сабе долю ў "Трайпле"
Фота: БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі