Ярашук: Пратэстныя настроі ёсць, але рабочыя на вуліцы не пойдуць

Еўрарадыё: Учора па ўсёй Беларусі праходзілі акцыі маўклівага пратэсту ў фармаце “народных гулянняў”. Ці ёсць нейкія пратэстныя настроі на прадпрыемствах?


Ярашук: “Безумоўна яны ёсць. Гэтаму, перш за ўсё, спрыяе эканамічная сітуацыя ў краіне. Але казаць, што сёння пратэстныя настроі могуць выліцца ў канкрэтныя акцыі, яшчэ рана. Апошнімі днямі ўладамі прадпрымаюцца пэўныя крокі па падвышэнні заробкаў на прадпрыемствах. Перш за ўсё гэта датычыцца такіх “стратэгічных” прадпрыемстваў як “Беларуськалій”, “МТЗ”, “МАЗ” і шэрагу іншых. Канечне, падвышэнне заробкаў на 20-25% далёка не поўнасцю кампенсуюць усе страты, якія панеслі працоўныя падчас гвалтоўнага абвалу курса беларускага рубля, але тым не менш такія крокі здымаюць сацыяльнае напружанне. Таму мяркую, што наўрад ці ў бліжэйшы час можна чакаць канкрэтных акцыяў пратэсту. Хутчэй за ўсё, незадаволенасць будзе расці паступова. Істотна і тое, што цяпер значная частка людзей, каля 20% занятых у народнай гаспадарцы, адпраўляецца ў вымушаныя адпачынкі альбо мае скарочаныя працоўныя графікі. Гэта таксама стрымае працэс фармавання пратэстных настрояў".


Еўрарадыё: Скарачэнне працоўнага дня і вымушаныя адпачынкі паўплываюць на заробкі?


Ярашук: “Безумоўна паўплываюць. Але ўлады будуць сачыць за сітуацыяй на буйнейшых прадпрыемствах і падвышаць заробкі. Гэта супярэчыць рэкамендацыям такіх уплывовых фінансавых інстытутаў як МВФ, які заклікаў да замарожвання заробкаў як да адной з мераў эканамічнай стабілізацыі. Аднак з двух кепскіх варыянтаў улады выбралі падвышэнне заробкаў. І, нягледзячы на тое, што людзі будуць адпраўляцца ў вымушаныя адпачынкі, нейкія кампенсацыі ім будуць выплочвацца".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі