Ярмошына — пра рэферэндум: "Не трэба злоўжываць гэтай дубінай"
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ўзяла ўдзел у праекце "24 пытанні" на тэлеканале "Беларусь 24". Гаворка ішла пра будучыя выбарчыя кампаніі, пра выбарчае заканадаўства. Ярмошына нагадала, што зменаў у выбарчым заканадаўстве да бліжэйшых выбараў не будзе. "Мы будзем працаваць па-старому", — сказала яна.
Асобнае пытанне было пра правядзенне ў Беларусі рэферэндума і пра магчымыя змены ў Канстытуцыі, пра што раней неаднаразова выказваўся Аляксандр Лукашэнка.
"Не трэба злоўжываць гэтай дубінай, — кажа Лідзія Ярмошына (на відэа гл. ад 24:47). — [Трэба] карыстацца ёй акуратна. Я думаю, што ў нас у Канстытуцыі трэба адыходзіць ад гэтага правіла, што амаль усе раздзелы могуць мяняцца толькі шляхам рэферэндума. Разумееце, цяпер і трэба нешта мадэрнізаваць у Канстытуцыі, як гаворыць кіраўнік дзяржавы, але паспрабуй правядзі рэферэндум! Паспрабуй закрані Канстытуцыю, і наступствы могуць быць самыя нечаканыя і вельмі складаныя".
Ярмошына лічыць, што рэферэндум у Беларусі мусіць быць кансультацыйным. Каб рашэнне ў выніку прымаў "нейкі паўнамоцны орган".