З 27 сакавіка Расія спыняе ўсе авіязносіны з іншымі краінамі
З 27 сакавіка ў межах барацьбы з распаўсюдам каранавіруса Расія спыняе ўсе авіязносіны з іншымі краінамі. Такое даручэнне Расавіяцыя атрымала ад расійскага ўрада. Як вынікае з тэксту, апублікаванага на яго сайце, забарона датычыць і рэгулярных, і чартарных авіязносін. Выключэнне будзе толькі для рэйсаў для вяртання расіян на радзіму (па спісах МЗС РФ) і па асаблівых даручэннях урада.
На сённяшні дзень у свеце налічваецца больш за 471 тысячу выпадкаў заражэння каранавіруснай інфекцыяй COVID-19. У Расіі іх зарэгістравана 658, у Беларусі — 86. Памерлі 21 293 чалавекі ( у РФ — 3 чалавекі). У сераду прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін выступіў са зваротам да расіян, у якім агучыў запланаваныя захады ўладаў па барацьбе з каранавірусам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.