З "Адзін дома — 2" выразалі жорсткую сцэну (і гэта не камеа Трампа) — #ІхНоравы

#ІхНоравы

#ІхНоравы / @rubanau_collage

Напярэдадні святаў вам відавочна няма калі сачыць за ўсім, што адбываецца ў свеце. Таму рэгулярна робім гэта за вас.

Гэта чарговы кароткі агляд сусветных навін ад Еўрарадыё.

 

Папа Рымскі просіць цуду для Ізраіля і Газы

Папа Рымскі Францішак заклікаў пакласці канец вайне ў Газе і вызваліць ізраільскіх закладнікаў, якіх утрымлівае ХАМАС. У сваім традыцыйным калядным пасланні ён таксама заклікаў аказаць Газе дадатковую дапамогу, каб даць рады жахліваму гуманітарнаму крызісу.

“У маім сэрцы — смутак ахвяр агіднага нападу 7 кастрычніка, і я паўтараю свой заклік вызваліць тых, хто ўсё яшчэ знаходзіцца ў закладніках.

Я заклікаю да спынення ваенных аперацый, якія нясуць жахлівыя ахвяры нявінных цывільных асоб, і заклікаю да вырашэння адчайнай гуманітарнай сітуацыі шляхам адкрыцця магчымасці перадачы гуманітарнай дапамогі", — сказаў Папа, выступаючы перад тысячамі вернікаў у базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане.

Паводле звестак Тэль-Авіва, ХАМАС утрымлівае яшчэ 132 закладнікі.

 

Каляды не мусяць быць самотнымі

Малады італьянец трапіў пад хатні арышт за дробныя правапарушэнні і вымушаны быў бавіць Каляды ў чатырох сценах. Але, каб не заставацца на свята ў адзіноце, ён прыйшоў... у турму! І папрасіў дазволіць яму адбыць рэшту тэрміну ў кампаніі іншых зняволеных.

Італьянец літаральна збег з дому, дзе мусіў адбываць хатні арышт, і з'явіўся ля брамы турмы. Збянтэжаныя афіцэры выклікалі паліцыю — і хлопца вярнулі дадому.

Але карабінеры — таксама людзі. Яны паабяцалі праінфармаваць суддзю наконт просьбы зняволенага-экстраверта. І, магчыма, Новы год ён сустрэне там, дзе хацеў — у камеры.

 

Пакуль не прыдумалі СММ

А мексіканцы выкарыстоўваюць радыску як мастацкае палатно і выразаюць з яе самыя неверагодныя сюжэты для ўнікальнага конкурсу, які праводзяць напярэдадні калядных святаў.

Штогод — вось ужо 236 гадоў — гэты конкурс праводзяць 23 снежня. А ўраджай радыскі ўдзельнікі збіраюць раніцай 19 снежня. А потым рамеснікі надаюць гэтым пладам такія формы і памеры, што вы нізашто не пазнаеце ў гэтых сюжэтах радыску.

А ўсё пачалося з канца XIX стагоддзя, калі рынкавыя гандляры наразалі свае прадукты вычварным чынам, каб прывабіць пакупнікоў. А потым з'явіўся СММ — і неверагодным традыцыям ужо не было адкуль узяцца.

А вось як гэта выглядае

Час мяняцца

Хто сказаў, што людзі не змяняюцца? Вельмі нават змяняемся. І вось прыйшоў час прызнаць, што некаторыя пасткі Кевіна з "Адзін дома — 2" занадта жорсткія.

Адзін брытанскі канал так і зрабіў і—  выразаў з фільма дзве пасткі. Так-так, мы ведаем, што пасткі Кевіна — гэта класіка, але ж калісьці і баі ў Калізеі былі класікай!

Некаторыя карыстальнікі Х незадаволеныя. Маўляў, у гэтых цэнзараў няма пачуцця гумару і густу што да пастак на бандытаў.

Што за сцэна?

У каментарах кажуць, што цяпер самым папулярнымі хлопцамі будуць тыя, хто захаваў "відзік" — яны па-ранейшаму могуць глядзець класічны "жорсткі" "Адзін дома — 2".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі