З Харватыяй на месяц спынілі чыгуначны рух

З Харватыяй на месяц спынілі чыгуначны рух

Дадатковыя меры кантролю на ўнутраных межах уводзяць некаторыя краіны Еўрасаюза, каб спыніць уезд нелегальных мігрантаў. Сярод іх і Данія, якая падаўжае кантроль на мяжы з Германіяй да 4 сакавіка. Акурат у гэты дзень завяршаецца тэрмін, да якога краіны Шэнгенскай зоны могуць у аднабаковым парадку змяняць правілы ўезду на сваю тэрыторыю. З іншага боку, пры “выключных акалічнасцях” памежны кантроль можна падоўжыць яшчэ. Еўракамісія неаднаразова выказвалася за поўны перагляд гэтай нормы

“Да сённяшняга дня пастаянны памежны кантроль унутры Шэнгенскай зоны быў забаронены. Калі гэта ўсё ж трэба было зрабіць, неабходныя былі спецыяльныя кансультацыі. Прапанова Еўрапейскай камісіі па пытанні супрацьстаяння тэрарызму ў тым, што сістэматычны кантроль мусіць стаць правілам з магчымасцю выключэнняў у асобных выпадках”, — заявіў кіраўнік МУС Германіі Томас дэ Мезьер, перадае тэлеканал Euronews.

23 лютага кантроль на мяжы з Францыяй увяла і Бельгія. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў краіны Ян Ямбон:

“Мы ўжо бачым транзіт мігрантаў праз сваю тэрыторыю. Учора ў Адзінкерке мы арыштавалі 32 чалавекі”, — цытуе словы чыноўніка Associated Press.

Ён распавёў, што Бельгія вымушаная ўмацаваць свае межы каля французскага горада Кале, каб пазбегнуць наплыву бежанцаў.

Узмацняюць памежны кантроль і іншыя краіны ЕС. У сувязі з перамяшчэннем мігрантаў з 21 лютага па 21 сакавіка будзе закрыты чыгуначны рух на трох асноўных кірунках у Харватыю. За два дні да гэтага Аўстрыя ўвяла кантроль на мяжы з Італіяй, Славеніяй і Венгрыяй.

Яшчэ ў нядзелю ўлады Македоніі забаранілі ўезд бежанцам з Афганістана і прапускаюць толькі іракцаў і сірыйцаў, старанна правяраючы іх дакументы. Каля 3 тысяч мігрантаў аказаліся заблакаванымі ў Афінах пасля таго, як прыбылі ў Грэцыю праз Эгейскае мора. Яшчэ каля 5 тысяч знаходзіцца на прымежнай тэрыторыі. Афіны не спраўляюцца з такім патокам бежанцаў і спрабуюць пераканаць Скоп’е адкрыць праход на грэка-македонскай мяжы для ўсіх мігрантаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі