З перакуленага бензавоза ў Віцебску вылілася больш за 2 тоны дызпаліва (фота)
4 жніўня ў Віцебску а 9-й гадзіне раніцы падчас аўтааварыі перакуліўся бензавоз. Пра ДТЗ ратавальнікам паведамілі відавочцы.
На месцы здарэння, як паведамляе прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, выявілася, што сутыкнуліся бензавоз ГАЗ 53 і грузавы аўтамабіль МАЗ. Бензавоз пры ДТЗ перакуліўся, і з яго вылілася 2,4 тоны дызельнага паліва — гэта каля паловы ад агульнага аб'ёму паліва.
Ратавальнікі наклалі пенную падушку. Бензавоз з месца здарэння прыбралі кранам. Перапампоўкай паліва з глебы заняўся МАЗ, які прыбыў на месца аварыі. Каб паліва не трапіла ў раку Лучосу, якая цячэ паблізу, былі ўсталяваныя тры бонавыя загароды, месца здарэння абвалавалі пяском. У раку распылілі абсарбент, каб сабраць нафтапрадукты, якія трапілі ў ваду.