З Расіі можа сысці першая фармкампанія
Офіс фінскай кампаніі Orion Pharma / OP
З Расіі можа сысці першая фармкампанія — фінская Orion Pharma (OP). Яна ўжо пачала ліквідацыю свайго расійскага офіса. Яго плануюць закрыць да канца года, піша выданне "Ведомости" са спасылкай на інфармаваную крыніцу. У офісе ідуць звальненні, не набіраюць новых супрацоўнікаў.
Фінская Orion Pharma працуе ў Расіі 15 гадоў. Яна вырабляе "Метыпрэд" — прэпарат для лячэння рэўматоіднага артрыту. Доля гэтых лекаў займала 82% ад усіх расійскіх продажаў прэпаратаў з міжнародным найменнем "метылпрэднізалон".
Замяніць фінскі "Метыпрэд" можна будзе іншымі аналагамі або прэднізалонам, кажуць спецыялісты. Пры гэтым метылпрэднізалон патрабуецца ў Расіі дзясяткам тысяч пацыентаў. Ён паказаны для пастаяннага прыёму пры вялікай колькасці захворванняў — ад рэўматоіднага артрыту і бранхіяльнай астмы да раку і гепатыту.
На думку экспертаў, фармкампанія сыходзіць з Расіі ўслед за іншымі фінскімі прадпрыемствамі і фірмамі. Пасля пачатку вайны эканамічныя адносіны Расіі і Фінляндыі пачалі згортвацца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.