З Расіі ў Беларусь экстрадавалі палітвязня Юрыя Касцюка
Юрый Касцюк / t.me/viasna_brest
З Расіі ў Беларусь экстрадавалі палітвязня Юрыя Касцюка, піша @viasna_brest. Паводле папярэдніх звестак, у вышук яго абвясцілі па артыкуле "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" праз удзел у тэлеграм-чаце, які аб’ядноўваў палітвязняў, асуджаных на "хімію" (з-за гэтага чату КДБ 15 лютага ладзіла рэйды). Дзе Касцюка ўтрымліваюць, пакуль невядома.
Юрыя Касцюка ў траўні 2022-га затрымалі ў расійскім Сочы — у аэрапорце, калі ён збіраўся вылецець у Азербайджан. Расійскія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
У лістападзе 2020-га Касцюка судзілі ў Беларусі за "знявагу дзяржаўных сімвалаў". Ён атрымаў год "хіміі". Праз год пакаранне замянілі на больш строгае — на 1 месяц і 16 дзён калоніі агульнага рэжыму. На волю палітвязень выйшаў 6 студзеня 2022-га.
Юрый Касцюк не першы беларус-пратэстовец, якога экстрадавалі з Расіі. Папярэдні выпадак — перадача Яны Пінчук. У Беларусі ёй пагражае да 19 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.