З сённяшняга дня замежнікі могуць ехаць у Белавежскую пушчу без візы
На тэрыторыі нацыянальнага парку яны маюць права знаходзіцца не больш за тры дні.
З 12 чэрвеня замежныя турысты могуць прыязджаць у Белавежскую пушчу без візы. Праўда, знаходзіцца на тэрыторыі нацыянальнага парку яны змогуць не больш за тры дні. Скарыстацца безвізавым рэжымам магчыма толькі праз пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы "Перароў-Белавежа".
На афіцыйным сайце "Белавежскай пушчы" гаворыцца, што спачатку замежнікі мусяць зарэгістравацца на сайце нацпарку, атрымаць па электроннай пошце пропуск і раздрукаваць яго. Гэты дакумент прад'яўляецца на мяжы разам з пашпартам, ён дае замежнаму грамадзяніну права на наведванне Белавежскай пушчы.
Турыстычныя кампаніі мусяць спачатку забраніраваць тур, а пасля зарэгістраваць яго ўдзельнікаў.
Сёння, у першы дзень дзеяння безвізавага рэжыму, у пушчу прыедзе турыстычная група з Польшчы ў складзе 30 чалавек.
Хто зможа прыехаць у Белавежскую пушчу без візы?
Любы замежны грамадзянін, які мае пры сабе пашпарт і дакумент аб рэгістрацыі на сайце нацыянальнага парка. У Дзяржаўным памежным камітэце Еўрарадыё ўдакладнілі, што працэдура будзе такой жа, як і падчас чэмпіянату свету па хакеі. Тады, нагадаем, у Беларусь можна было прыехаць, паказаўшы памежніку квіток на хакейны матч. На тэрыторыю Белавежскай пушчы будуць пускаць пасля прад’яўлення аплачанай пуцёўкі альбо рэзервацыі жылля ў беларускай частцы пушчы.
Як можна трапіць туды?
Прыехаць у Беларусь без візы можна будзе толькі праз адзін пункт пропуску — Перароў-Белавежа. Ён знаходзіцца ў самой пушчы, перасякаць мяжу тут можна толькі на ровары альбо пешшу. Адлегласць да Пружан — 45 кіламетраў, да Камянца — 40, да Бельска-Падляскага — 48. На аўтамабілі не пусцяць — яго прыйдзецца пакінуць у Польшчы.
Як доўга можна будзе знаходзіцца ў Беларусі без візы і ці можна выязджаць за межы Белавежскай пушчы.
72 гадзіны, альбо 3 сутак. Так прапісана ў тэксце Указа. Фіксаваць час прыезду у Беларусь будуць памежнікі. Тэарэтычна гэтага часу цалкам дастаткова, каб даехаць да Віцебска і своечасова вярнуцца назад. На практыцы гэтае пытанне пакуль не вырашана. У памежным камітэце гавораць, што цяпер займаюцца гэтым пытаннем: “У нас ёсць вопыт працы падчас хакейнага чэмпіянату і дастаткова сродкаў, каб кантраляваць перамяшчэнні прыезджых. Аднак пакуль я не магу вам дакладна сказаць, ці змогуць турысты без віз паехаць з пушчы ў Камянецальбо Брэст. Указ падпісаны, мы цяпер распрацоўваем дадатковыя правілы”.
Навошта гэта зроблена?
“Галоўнай мэтай Указа з'яўляецца развіццё трансгранічнага турызму і больш эфектыўнага выкарыстання… патэнцыялу ўнікальнага прыроднага комплексу… Са 150 тысяч турыстаў, якія штогод наведваюць польскую частку Белавежскай пушчы, значная колькасць турыстаў выказвае жаданне адначасова наведаць і беларускі Нацыянальны парк”, — гаворыцца ў афіцыйным тлумачэнні да Указа №115. І сціпла паведамляецца, што ў планах зарабіць на замежных турыстах дадатковыя 27,4 мільярда рублёў.
Колькі каштуе рэзервацыя турыстычных паслуг у Белавежскай пушчы?
У беларускай частцы пушчы цяпер працуе адзін вялікі гатэль і некалькі прыватных аграсядзібаў. Арандаваць можна як асобны пакой, так і ўвесь будынак. Кошты ад 16 еўра за “невялікі этнапакойчык” да 150 еўра за вялікі дом пасярод леса. За суткі. Нумар-люкс у гатэлі “Каменюкі” каштуе каля 50 еўра. Кошт беларускай візы, нагадаем, 60 еўра.
Фота: bymedia.net