З вяртання Сідорскага з Масквы ў Беларусі пачнецца аперацыя “Пераемнік”?

З вяртання Сідорскага з Масквы ў Беларусі пачнецца аперацыя “Пераемнік”?

Былога прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага вяртаюць з Масквы ў Мінск. Адпаведны ліст нібыта ўжо накіраваны ў Еўразіўскую эканамічную камісію, дзе Сідорскі займае пасаду міністра па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе. Па інфармацыі TUT.BY, былы прэм’ер можа узначаліць прэзідэнцкую Адміністрацыю.

Звяртаюся па каментарый у прэс-службу ЕЭК, адкуль маё пытанне пра магчымае хуткае вяртанне ў Мінск перанакіроўваюць у сакратарыят Сяргея Сідорскага. І ўжо праз дзве гадзіны атрымліваю адказ.

“Сказалі, што ніяк каментаваць не будуць: ні абвяргаць, ні каментаваць — увогуле нічога. І гэта такая пазіцыя менавіта самога Сідорскага. Яны (супрацоўнікі сакратарыята Сяргея Сідорскага, — Еўрарадыё) нам нічога не тлумачылі, як там і што, а ў нас на гэты конт ніякай інфармацыі няма”, ― кажа намеснік начальніка аддзела прэс-службы Еўразійскай эканамічнай камісіі Марына Шкурлатава.

Звычайна, такі адказ даюць тады, калі і праўду сказаць не могуць, і падманваць не хочуць. Але калі версія пра прызначэнне Сяргея Сідорскага праўдзівая, то ўзнікае пытанне: а дзеючага кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Аляксандра Косінца куды? Можна, канешне, зноў кіраваць РНПЦ “Інфекцыя ў хірургіі” ці рэктарам Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта, але, на думку экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў Вольгі Абрамавай, Косінца чакае працяг кар’ернага росту.

“Патэнцыйны пераемнік (ці група людзей) Лукашэнкі ўжо вызначаны на выпадак, калі транзіт улады будзе праводзіцца планава ў недалёкім будучым", ― нечакана кажа Абрамава падчас свайго выступу на канферэнцыі “Рубікон-2016” ў Таліне.

На пытанне, каго яна мае на ўвазе, адказвае коратка ― Аляксандра Косінца.

Калі ўжо казаць пра праект “Пераемнік”, то фаварытам на гэтую ролю сёння падаецца міністр замежных спраў Уладзімір Макей, лічыць палітолаг Аляксандр Фядута. Вось толькі “група Макея” сёння у меншасці ва ўладзе і яе пазіцыі вельмі слабыя, а падтрымка ў дзяржаўным апараце ― імітацыя, бо шмат хто лічыць, што ён вельмі моцна зарваўся, лічыць эксперт.

“А вось тая група, што стаіць за Косінцам, яна вельмі цікавая. Бо вакол яго аб’ядналася старая і новая наменклатура. І тое пакаленне, якое падтрымала б Макея ў вышэйшым эшалоне, сёння выкінутае з улады, яно ў пройгрышы. Таму, пры ўсім маім абсалютна абыякавым стаўленні да спадара Косінца, гэта будзе вельмі цікавая барацьба”, ― кажа Аляксандр Фядута.

Ёсць яшчэ і трэцяя верагодная кандыдатура, лічыць палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

“І я гэтым трэцім лічу Мясніковіча, якога яшчэ называюць “талісманам наменклатуры” ― гэта дзеючы старшыня Савета Рэспублікі, які пры пэўных сцэнарыях можа сыграць ролю Іліеску, які стаў першым прэзідэнтам пасля Чаушэску”.

Адзіны момант: па Канстытуцыі, у выпадку немагчымасці выканвання сваіх абавязкаў кіраўніком краіны, выконваючым гэтыя абавязкі і так становіцца менавіта старшыня Савета Рэспублікі. Магчыма, тыя таемныя змены ў Канстытуцыі, пра неабходнасць унясення якіх казаў дэпутатам новаабранага парламента Аляксандр Лукашэнка 7 верасня, на тое і будуць скіраваныя: мець магчымасць перадаць уладу некаму іншаму?

“Калі Лукашэнка захоча перадаць уладу ці то Косінцу, ці то свайму сыну, ці то Макею, то для гэтага яму не трэба мяняць Канстытуцыю ― гэтаму існуючая Канстытуцыя цалкам адпавядае”, ― упэўнены палітолаг Юрый Дракахруст.

І то праўда, як гэта забыліся пра Віктара Лукашэнку? Які, дарэчы, уваходзіць у склад Савета бяспекі і, фактычна, курыруе сілавыя структуры.

Віктар Лукашэнка ― гэта толькі адзін з інструментаў кантролю лаяльнасці сілавых структур, ― кажа кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. ― І не больш за тое. Ніякай самастойнай ролі ён не грае, і не можа разглядацца ў якасці пераемніка”.

Фота: Змітра Лукашука, TUT.by, Bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі