З-за засухі загінула 2% пасеваў, чыноўнікі супакойваюць: Сітуацыя не крытычная
У Беларусі з-за засухі загінула 2% пасеваў, яшчэ 3,6% пасеваў пашкоджаныя. Найбольш пацярпелі Гомельская і Брэсцкая вобласці, найменш — Магілёўская. Як інфармуе БЕЛТА, чыноўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання супакойваюць: сітуацыя не з'яўляецца крытычнай. Яны прызнаюць, што недахоп вільгаці паўплываў на фармаванне ўраджаю. Выправіць сітуацыю сваімі рэкамендацыямі дапамагаюць навукоўцы. Прымаюцца дадатковыя меры па догляду за пасевамі. Некаторыя палі перасяваюцца пажніўнымі культурамі, найбольш пашкоджаныя ўчасткі прыбіраюць на сянаж — будзе дадатковы корм для жывёлаў.
На сітуацыю з пасевамі ў Беларусі паўплываў вельмі спякотны травень (тэмпература паветра была вышэйшая за кліматычную норму на 3,5 градусы). Да таго ж выпала менш за палову кліматычнай нормы ападкаў, што ў гэтым месяцы фіксуецца рэдка — раз на дзесяцігоддзе. У бліжэйшыя дні па ўсёй нашай краіне чакаюцца дажджы.