За абразу беларускага мытніка ў каментары на сайце давялося заплаціць 3 млн
У чэрвені блог Гродна перадрукаваў артыкул аднаго з беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў, прысвечаны канфлікту паміж мытнікамі і жыхаром абласнога цэнтра.
Адзін з карыстальнікаў апублікаваў сярод каментароў тэкст, які "прыніжае гонар і годнасць" супрацоўніка мытнага пункта "Брузгі" на мяжы з Польшчай. Праваахоўнікі высветлілі асобу аўтара, які аказаўся жыхаром Гродна. Пацярпелы мытнік "пры падтрымцы аддзела ўласнай бяспекі" падаў заяву ў суд. Была распачатая крымінальная справа па факце абразы.
Як інфармуе "Интерфакс-Запад", падчас судовага разбіральніцтва жыхар Гродна цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся ў зробленым. У якасці кампенсацыі маральнай шкоды ён выплаціў 3 млн рублёў (мытнік гэтыя грошы пералічыў на дабрачынныя мэты). Акрамя таго, крыўдзіцель апублікаваў у адной з гродзенскіх газет афіцыйнае прабачэнне.
У выніку крымінальная справа была спыненая.
Фота — ria.ru