За данат 60 долараў кобрынец адкупіўся 2000 рублёў, але ўсё адно трапіў пад суд
Суд, ілюстрацыйнае фота
Жыхара Кобрына абвінавачваюць у пералічэнні даната фонду BYSOL і выкарыстанні хакерскіх праграм для DDoS-атак.
Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, падчас следства 36-гадовы беларус "перавёў 2000 рублёў на дабрачынны рахунак спецыялізаванай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната". Гэта традыцыйная форма "кампенсацыі", якую сілавікі прапаноўваюць людзям, якія пераводзілі грошы так званым "экстрэмісцкім" арганізацыям.
Аднак ад суда гэта кобрынца не выратавала. Яго абвінавацілі і ў фінансаванні "экстрэмісцкага фармавання" і ў выкарыстанні шкоднасных камп'ютарных праграм.
Рэч у тым, што ў сакавіку 2023-га мужчына спампаваў на свой камп'ютар праграмы, з дапамогай якіх украінцы вялі DDoS-атак на расійскія сайты.
Раней праваабаронцы "Вясны" паведамлялі, што абвінавачанага завуць Пётр Ярмашук. Яго крымінальную справу суд пачаў разглядаць 21 лістапада. На судзе ён заявіў, што грошы ініцыятыве BYSOL пераводзіў не на "экстрэмісцкую дзейнасць", як сцвярджала абвінавачванне, а з дабрачыннымі мэтамі.
Пракурор запатрабавала для Ярмашука чатыры гады калоніі агульнага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.