За год у Беларусі стала на 60 тысяч студэнтаў менш. Куды яны ўсе зніклі?
Куды зніклі студэнты?
У Беларусі моцна зменшылася колькасць студэнтаў ВНУ. За год — амаль на 60 тысяч: з 227 тысяч у 2022-м да 171 тысячы ў 2023-м.
Гэта самы нізкі паказчык за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.
Студэнцкі пік прыйшоўся ў нашай краіне на 2011 год — тады ў беларускіх ВНУ навучалася амаль 445 тысяч чалавек. З тых часоў іх колькасць няўхільна падала.
Еўрарадыё запыталася ў акадэмічнага дырэктара даследчага цэнтра BEROC Льва Львоўскага, чаму выпускнікі школ перасталі цікавіцца беларускімі ВНУ і да чаго можа прывесці сітуацыя, якая склалася.
Дэмаграфічная яма і адток за мяжу
Эксперт назваў дзве асноўныя прычыны скарачэння колькасці студэнтаў: па-першае, зніжэнне нараджальнасці і скарачэнне колькасці насельніцтва ў цэлым, а па-другое, адток у замежныя ВНУ.
— Беларусы пачалі з'язджаць вучыцца за мяжу недзе ў сярэдзіне 2010-х гадоў і аж да цяперашняга часу працягваюць гэта рабіць. Прычым едуць вучыцца як у ЕС, так і ў Расію.
Леў Львоўскі звязвае адток студэнтаў з пагаршэннем якасці вышэйшай адукацыі ў Беларусі. Калі да падзей 2020 года яна зніжалася паступова, то пасля адбыўся рэзкі абвал праз рэпрэсіі супраць выкладчыкаў. У выніку многія спецыяльнасці прыкметна страцілі ў прэстыжнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.