За кантрабанду беларускіх угнаенняў у Літве затрымалі двух чалавек

Вагоны з беларускімі ўгнаеннямі ў Літве / delfi.lt
Вагоны з беларускімі ўгнаеннямі ў Літве / delfi.lt

У Літве працягваецца расследаванне крымінальнай справы за кантрабанду беларускіх угнаенняў, піша delfi.lt.

Расследаванне было пачатае 13 студзеня 2023 года. Яго вядуць крымінальная служба літоўскай мытні пры супрацоўніцтве са службоўцамі Дэпартамента дзяржбяспекі і Службы расследавання фінансавых злачынстваў. Гаворка ідзе пра кантрабанду ўгнаенняў беларускай кампаніі "Гродна Азот", якая трапіла пад санкцыі ЕС.

Паведамляецца, што літоўскія службоўцы затрымалі больш за 3000 тон карбаміду, якія перавозіліся чыгункай. Кошт угнаенняў складае больш за 2 мільёны еўра.

У кампаніях трох літоўскіх гарадоў адбыліся ператрусы. Падазраюць, што гэтыя кампаніі маглі ўдзельнічаць у "ценявых" схемах па абыходзе міжнародных санкцый. Праваахоўнікі затрымалі двух падазраваных.

У матэрыялах справы гаворыцца, што для прыкрыцця магла выкарыстоўвацца беларуская кампанія, якая не трапіла пад санкцыі ЕС.

У мінулы панядзелак цэнтр "Сцяна" (Siena) апублікаваў расследаванне наконт перавозкі беларускіх угнаенняў праз Літву. Расследвальнікі выявілі, што беларускі карбамід, адзіным вытворцам якога з'яўляецца кампанія "Гродна Азот", па-ранейшаму чыгункай возяць у Клайпеду — у тэрмінал сыпкіх прадуктаў. Частка акцый гэтага тэрміналу належыць "Беларуськалію".

Хаця "Беларуськалій" і "Гродна Азот" трапілі ў "чорны спіс" ЕС, некаторыя заяўляюць, што санкцыі датычаць толькі кампаній, а не іх прадукцыі. Сам карбамід прывозіць нібыта іншая кампанія. Пракуратура звярнулася ў "Літоўскія чыгункі" і ў Міністэрства транспарту Літвы, каб высветліць паходжанне ўгнаенняў, якія знайшлі ў тэрмінале ў Клайпедзе.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі