За рэпосты ў Фэйсбуку вядомаму бізнесоўцу з Мазыра прысудзілі 5 гадоў калоніі

Пётр Старацітараў / svaboda.org

Пётр Старацітараў / svaboda.org

21 жніўня Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме асудзіў вядомага ў рэгіёне бізнесоўца Пятра Старацітарава. 65-гадоваму мужчыну прызначылі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму за рэпосты ў Фэйсбуку, перадае Радыё "Свабода".

Як распавядала Еўрарадыё, стваральніка групы кампаній "Лотас" Пятра Старацітарава сёлета 6 лютага затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Паведамлялася, што нагодай сталі антываенныя допісы ў Фэйсбуку, якія нібыта "абражалі Лукашэнку".

Судзілі Старацітарава адразу па некалькіх артыкулах: распальваньне варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), заклікі да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК), паклёп на Лукашэнку (ч. 1 арт. 367 КК), абраза Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК).

Як даведалася Радыё "Свабода", у СІЗА значна пагоршыўся стан здароўя Старацітарава. Да затрымання ў яго былі хранічныя захворванні, у тым ліку бранхіяльная астма і артэрыяльная гіпэртэнзія. У СІЗА ў яго здарыўся інсульт. Увесь час да суда яго трымалі ў медчастцы СІЗА.

Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі