Сэлфі ў Брэсцкай крэпасці, за якія будуць штрафаваць (фота)

Сэлфі ў Брэсцкай крэпасці, за якія будуць штрафаваць (фота)

24-гадовая дзяўчына выкладвае ў сацыяльную сетку свой фотаздымак. Зроблены ён знізу: буйным планам аголенае сцягно дзеўчыны і, скажам так, ягадзічная вобласць у вельмі кароткіх джынсавых шорціках. Фотаздымак можна было б назваць прываблівым, калі б не адно "але": зроблены ён на прыступках стэлы “Штык-абеліск”, што знаходзіцца ў Брэсцкай крэпасці.

“Дзяўчына, а вам не падаецца, што гэта не зусім дарэчнае фота для мемарыяльнага комплексу?” — пытаюся ў каментары. Рэакцыя імгненная: цягам хвіліны каментар выдаляецца. Але адказу я так і не атрымаў. Відаць, не зусім дарэчным дзяўчына лічыць менавіта маё пытанне, бо фотаздымак не выдаляе. Ёсць тыя, каму ён спадабаўся: кароткія шорцікі дзяўчыны збіраюць 24 лайкі.         

Хто дакладна не паставіць лайк пад такім фота, дык гэта Грыгорый Бысюк — дырэктар мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць”. Адміністрацыя ўстановы днямі заявіла, што за фотаздымкі, зробленыя на помніках комплексу, наведнікаў будуць штрафаваць. Такія меры прынятыя не толькі каб прадухіліць разбурэнне руінаў. Некаторыя турысты, робячы фотаздымкі, паводзяць сабе непрыстойна, абураецца Грыгорый Бысюк.

Бысюк: “Скульптурная кампазіцыя  гэта не парк развагаў. Мы не забараняем увогуле фатаграфаваць, як ужо некаторыя пішуць. Аднак рабіце фотаздымкі там, дзе гэта нармальна глядзіцца. А залазіць на скульптурную кампазіцыю “Смага” ці на галоўны манумент непрымальна. Дзіву даешся, як чалавек можа рабіць сэлфі ля пліт, дзе ляжаць парэшткі абаронцаў крэпасці, ды яшчэ і ў непрыстойных позах”.  

Сэлфі ў Брэсцкай крэпасці, за якія будуць штрафаваць (фота)

Грыгорый Бысюк кажа, што аматараў такіх фота не спыняюць папераджальныя шыльды “Па руінах не хадзіць”. Цяпер іх будуць лавіць міліцыянты, якія ўвесь час дзяжураць у Брэсцкай крэпасці. Па словах дырэктара ўстановы, людзей будуць прыцягваць да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай каштоўнасці. Адміністрацыя комплексу нічога новага не прыдумала, проста не карысталася гэтым законам, бо раней не было такога масавага захаплення сэлфі. Штраф, дарэчы, складае ад 210 да 630 рублёў.

Начальнік прэс-службы УУС Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Дучэнка кажа, што міліцыянты сапраўды будуць лавіць аматараў палазіць па руінах. Аднак на месцы нікога штрафаваць не будуць — турысты проста могуць не ведаць нашага заканадаўства. Таму з імі будуць праводзіць прафілактычную гутарку. І толькі ў выпадку працягу непрыстойных паводзінаў ці супраціву парушальнікаў будуць дастаўляць у пастарунак для далейшага разбіральніцтва. 

Дучэнка: “На месцы пратаколы ніхто не складае. Гэта помнік, у якім дагэтуль знаходзяць косткі. Наша мэта  максімальна людзям растлумачыць, што тут не месца радасці, тут павінная быць памяць і смутак па людзях, якія загінулі, абараняючы нашу зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.  

Сяргей Дучэнка дадае, што прафілактычныя гутаркі будуць весціся не толькі з тымі, хто залезе на помнік ці руіны, але і з удзельнікамі непрыстойных фотасесій.

Сэлфі ў Брэсцкай крэпасці, за якія будуць штрафаваць (фота)

А што калі чалавека не схапілі на гарачым, аднак пазней ён выклаў непрыстойны здымак з Брэсцкай крэпасці ў сеціва? Ці можна будзе яго прыцягнуць да адказнасці? Адказвае Сяргей Дучэнка:

“Мы павінныя вывучыць усе абставіны. Перш за ўсё нам трэба атрымаць заяву. То бок калі, напрыклад, кіраўніцтва Брэсцкай крэпасці бачаць, што такія фотаздымкі маюць месца, яны звяртаюцца з заявай у міліцыю, а мы знаходзім гэтых грамадзян і ў межах заканадаўства праводзім далейшы працэс. Тут хутчэй за ўсё будзе патрэбная экспертыза, бо помнік мае гістарычную каштоўнасць. Калі чалавек сваімі дзеяннямі апаганьвае гэты помнік, то, зразумела, ён парушае заканадаўства”. 

Дзяўчыне ў кароткіх шорціках усё ж такі варта выдаліць фотаздымак побач са стэлай. 24 лайкі таго не вартыя, нават калі яна не трапіць у поле зроку праваахоўнікаў.

 

Сэлфі ў Брэсцкай крэпасці, за якія будуць штрафаваць (фота)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі