За шашлык у лесе — штраф 500 тысяч, за прагулку — папярэдзяць

У Мінскай вобласці забаранілі заходзіць ў лес. Еўрапейскае радыё высветліла, што за збор грыбоў вынясуць папярэджанне.
Сяргей Бабкоў, начальнік аддзела аховы лесу Мінскай лясной гаспадаркі, адразу супакоіў, што ніхто штрафаваць за прагулкі па лесе не будзе.
Аднак калі раней тыя ж шашлыкі дазвалялася рабіць на прывезеным з сабою мангале, то зараз за гэта давядзецца заплаціць штраф. За збор грыбоў, напрыклад, вынесуць толькі папярэджанне:

“Гэтае рашэнне звязана з павышэннем класу пажарнай бяспекі. Павялічыўся светлавы дзень і сярэднямесячная тэмпература. Прымаць рашэнне і адмяняць праз кожныя два дні не варта. Прыйшло сапраўды ўстойлівае надвор’е. Рэагуецца толькі на вялікія парушэнні. Калі чалавек пайшоў у грыбы ды ягады, то будзе папярэджанне. Лес ёсць лес, пляж ёсць пляж. Для шашлыкоў ёсць спецыяльна вызначаныя месцы”.

Еўрарадыё вырашыла разабрацца, што маецца на ўвазе пад словам “лес”, бо не зразумела, ці дазволена тады заходзіць, напрыклад, у прыдарожныя лесапасадкі. Па тлумачэнні мы звярнуліся ў Міністэрства лясной гаспадаркі. Выявілася, што пад гэты тэрмін падпадаюць усе тэрыторыі, дзе растуць дрэвы:

“У нас лічацца лесам і лесапаркавыя зоны. Усё вакол — лес. Наваколле – гэта ўсё лясны фонд”.

Беларусаў не пускаюць у лес кожны год. Толькі сёлета, па словах Анастасіі Клябан, прэсавага сакратара Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, гэта адбылося на два тыдні раней — ажно 15-га чэрвеня:

“У 98 адсотках выпадкаў пажараў асноўнай прычынай з’яўляюцца грыбнікі, паляўнічыя – неасцярожна карыстаюцца агнём. Летась падобная забарона дзейнічала больш за два месяцы. З пачатку года больш за 400 чалавек панеслі адказнасць”.

Рашэнне на забарону знаходзіцца ў лесе — прэрагатыва выканаўчых камітэтаў. Цікава, што Міністэрства лясной гаспадаркі накіравала ў выканкамы толькі прапанову разгледзець сітуацыю, а не прымаць нейкія рашэнні. Працягвае Мікалай Юрэвіч, спецыяліст па ахове лясных масіваў Міністэрства лясной гаспадаркі:

“У выпадку надзвычайнай пажарнай бяспекі мясцовыя выканаўчыя ўлады выносяць рашэнне аб забароне наведвання лесу. На падставе 76-га артыкула Ляснога кодэксу. У Стоўбцах — трэці клас, ў Мінску – другі. Мы пісалі ліст у выканкам толькі з просьбай разгледзець пытанне. З 11 чэрвеня ў Мінску адбылося 11 выпадкаў пажараў”.

Спадар Юрэвіч зазначыў, што па існуючым заканадаўстве за знаходжанне ў лесе можна заплаціць да 500 тысяч:

“ Гэта адміністрацыйнае парушэнне артыкула 1529 кодэксу, дзе прапісана парушэнне пажарнай бяспекі ў лесе ці невыкананне забароны на знаходжанне. Прадугледжана пакаранне ад папярэджання да штрафу ў памеры ў 25 базавых велічынь”.

Гэтыя спецыяльна абсталяваныя месцы сапраўды ёсць, трэба толькі іх ведаць. Неабходную інфармацыю можна набыць у кожным лясніцтве. Каб упэўніцца ў гэтым, Еўрапейскае радыё патэлефанавала ў лясніцтва Бярэзінскага раёна. Вось што там распавялі:

“Такія месцы сапраўды ёсць. Каля мястэчка, напрыклад. Ездзілі адпачываць на раку – дык там таксама ёсць, нават дровы спецыяльна падвозяць”.

Калі вас заспелі ў лесе, напрыклад, падчас збору грыбоў — нічога страшнага: толькі папярэдзяць. Але ж калі будзеце разводзіць вогнішча – давядзецца заплаціць штраф. Адзінае, што трэба зазначыць: калі адбудзецца пажар, то вашая кішэня палягчэе на паўтара мільёна.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі