За што даюць медалі “За працоўныя заслугі” сантэхнікам ды зваршчыкам?

Медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджаны болей за 30 беларусаў. Гэта ўзнагарода “за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў і высокае прафесійнае майстэрства, а таксама значны асабісты ўклад у развіццё сваёй галіны”. Сярод узнагароджаных Еўрарадыё знаходзіць простых працоўных — вадзіцелі, мытнікі, выкладчыкі, а таксама слесары, экскаватаршчыкі ды сантэхнікі.

За якія дасягненні, напрыклад, ушанавалі кранаўшчыка ды электрагазазваршчыка з “Гродзенскага водаканала”? У аддзеле кадраў “Гроднаводаканала” Еўрарадыё спасылаюцца на доўгую працу:

"…Заслужаныя работнікі, кіраўніцтва аблвыканкама многа раз узнагароджвала, доўга працуюць".

Еўрарадыё: А вось, акрамя таго, што яны доўга працуюць і ўжо маюць узнагароды?..

Аддзел кадраў: “Машыніст экскаватара ў нас каля 30 гадоў. Працуе на ўнікальным абсталяванні, якое дазваляе ў гарадскіх умовах ажыццяўляць раскопкі пры аварыях. Тут патрэбна мець майстэрства, каб не пашкодзіць камунікацыі”.

У аддзеле кадраў тлумачаць, чаму і зваршчыка ўзнагародзілі медалём.

"Самі разумееце, карыстацца зваркай у кватэрах, у туалетах, дзе абмежаваныя ўмовы, каб не было ўзгаранняў, праблематычна. А ў яго ні разу не было ніякіх нараканняў. Да таго ж, прапановы па тэхніцы выканання", — кажуць у аддзеле кадраў прадпрыемства.

Якія наватарствы ў працы электрагазазваршчыка, спрабуем даведацца ў самога ўладальніка медалю Віктара Башуры. Той даведваецца пра ўзнагароду ад Еўрарадыё.

“Я зварку праводжу з люстэркам, але не я адзін так раблю — так многія робяць, трэба толькі прызвычаіцца”, — губляецца Віктар Башура.

Такую ж ўзнагароду атрымлівае і сантэхнік з Лідскага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. На прадпрыемстве гавораць, што тут ажно тры медалі — у сантэхніка, слесара ды слесара-рамонтніка. Але калі пачынаю дапытвацца, за што спецыялістаў ушанавалі, дакладна адказаць не могуць: чамусьці ўспамінаюць толькі пра ўзнагароды, а не пра дасягненні.

Сантэхнік Роберт Карымаў медалю радуецца, адразу пачынае распавядаць пра брыгаду. Патлумачыць, за якія заслугі мае медаль, не можа, бо не ведае.

Я ўжо 20 гадоў кірую гэтай брыгадай. Мы разам заўсёды, адзін аднаго падтрымліваем. А з-за чаго медаль далі — я і сам не ведаю, значыць ацанілі трошкі маю працу”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі