За ўдзел у вайне — 3%: што беларусы думаюць пра напад Расіі на Украіну

Беларусы на пратэсце супраць расійскай агрэсіі ў Беластоку, Польшча / Белсат
Беларусы на пратэсце супраць расійскай агрэсіі ў Беластоку, Польшча / Белсат

Брытанскі Chatham House правёў чарговае сацыялагічнае апытанне сярод беларусаў у жніўні. Асноўная тэма даследавання — стаўленне беларусаў да вайны ва Украіне. Дысклэймер: за ўступленне ў вайну на баку расійскіх войскаў выступаюць толькі 3%. І гэта не мем.

 

Амаль траціна — за нейтралітэт

Самы часты адказ на пытанне пра тое, што варта Беларусі зрабіць цяпер у кантэксце вайны, — "абвясціць аб поўным нейтралітэце краіны, вывесці ўсе замежныя войскі і не выказвацца на карысць ні аднаго з бакоў канфлікту", так адказваюць 28% рэспандэнтаў.

За тое, каб падтрымаць Расію і пры гэтым не ўступаць у канфлікт, выказваюцца 23% беларусаў, а ідэю ўступіць у канфлікт на расійскім баку падтрымліваюць 3%.

Варыянт "асудзіць Расію, але не ўступаць у канфлікт" падтрымліваюць 12%, падтрымаць дзеянні Украіны і не ўступаць у канфлікт — 4%, узяць удзел у вайне на баку Украіны — яшчэ 2%. Таксама 2% выступаюць за тое, каб асудзіць Украіну, але ў канфлікт не ўступаць.

Амаль кожны чацвёрты (23%) не мае пэўнага меркавання і адказаў "цяжка адказаць".

 

Тых, хто не падтрымлівае вайну, становіцца больш

У параўнанні з чэрвенем гэтага года колькасць тых, хто не падтрымлівае ваенныя дзеянні Расіі, трохі вырасла — з 43% да 45%.

За участие в войне — 3%: что белорусы думают о нападении России на Украину
Звесткі Chatham House

На тры адсоткавыя пункты менш стала тых, хто падтрымлівае вайну: з 33% у чэрвені іх колькасць знізілася да 30%. Амаль кожны чацвёрты не мае пэўнага меркавання.

 

Нічога добрага

Нават сярод прыхільнікаў вайны няма адзінства наконт таго, ці прынясе яна карысць. Пазітыўныя наступствы для Беларусі бачаць толькі 16% рэспандэнтаў, а для сябе асабіста — усяго 13%. А вось негатыўных наступстваў для краіны чакаюць 51% беларусаў і 50% — для сябе асабіста. Каля траціны беларусаў адказаць на пытанне не змаглі.

Няма адзінства і ў абмеркаванні паспяховасці вайны для абодвух войскаў. Каля 38% лічаць, што для Расіі вайна ідзе паспяхова, яшчэ 34% — што непаспяхова. Поспехі ўкраінскага войска пазітыўна ацэньваюць 25% грамадзян, негатыўна — 43%.

За участие в войне — 3%: что белорусы думают о нападении России на Украину
Звесткі Chatham House

Яшчэ цікавых лічбаў: 42% беларусаў лічаць, што вайна не мае ніякага сэнсу, больш за палову грамадзян не вераць ва ўдзел у ёй беларускага войска, а прызнанне так званых "ЛНР" і "ДНР" падтрымліваюць 32%.

 

Стаўленне да Расіі... добрае

Колькасць беларусаў, якія дрэнна ставяцца да Расіі, з пачатку вайны павялічылася, аднак большасць (71%) па-ранейшаму ставіцца да яе "вельмі добра" або "ў асноўным добра". Дрэнна да РФ ставіцца 21%.

65% беларусаў добра ставяцца да Украіны, дрэнна — 19%. Цікава, але лідарам па сімпатыях стаўся... Кітай. Да яго добра ці вельмі добра ставяцца 78%. Для параўнання: да Польшчы — 66%, а ЗША — 51%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі