За ўлёткі супраць замежных ваенных базаў аштрафавалі на 600 долараў
Суд у Магілёве так пакараў за распаўсюд друкаванай прадукцыі намесніка старшыні Свабоднага прафсаюза Беларускага Юрыя Новікава.
Як паведамяла Еўрарадыё, яго затрымалі 8 верасня падчас збору подпісаў супраць размяшчэння ў Беларусі замежных ваенных баз. У Новікава былі канфіскаваныя падпісныя лісты і агітацыйныя ўлёткі, надрукаваныя невялікімі накладамі Партыяй БНФ і Аб'яднанай грамадзянскай партыяй. Суд у дачыненні да Юрыя Новікава пачаўся 11 кастрычніка, але з-за неналежнага афармлення міліцэйскага пратакола быў адкладзены.
Як інфармуе БелаПАН, у аўторак суд зноў разгледзеў справу і прызнаў актывіста вінаватым у тым, што ён распаўсюджваў друкаванае выданне, не з'яўляючыся распаўсюднікам. Абцяжваючым фактарам было прызнана тое, што на працягу года ён ужо быў пакараны за аналагічнае правапарушэнне. Новікаў мусіць заплаціць штраф у памеры 5 мільёнаў 850 тысяч рублёў (каля 635 долараў).
На здымку: У жніўні пікет у Магілёве супраць расійскай авіябазы праводзіў актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Гладышаў. Яго аштрафавалі на 1 мільён рублёў. Фота — svaboda.org