“За Вела-Брэст”: дапаможам уладам знайсці грошы на інфраструктуру для раварыстаў

“За Вела-Брэст”: дапаможам уладам знайсці грошы на інфраструктуру для раварыстаў

Адкрыццё роварнага сезона ў Брэсце фактычна адбылося яшчэ ў мінулым месяцы. Люты выдаўся адносна цёплым і сухім, чаго, на жаль, не скажаш пра пачатак сакавіка. Як за мінулы год змянілася роварнае жыццё ў Брэсце і чым сустракае новы сезон мясцовых раварыстаў? Еўрарадыё размаўляе з Уладзімірам Красько, каардынатарам кампаніі “За Вела-Брэст”.

Пачынае Красько з пазітыўнага: у раварыстаў значна спрасціўся дыялог з уладамі. Цяпер не трэба губляць час, чакаючы адказу на афіцыйныя запыты ў розныя інстанцыі. Агучыць свае прэтэнзіі і прапановы можна падчас агульных сустрэч, што перыядычна праходзяць у горадзе.

Красько: “2015 год запомніўся, відаць, тым, што сталі сталымі сустрэчы роварных клубаў з прадстаўнікамі гарвыканкаму і ДАІ, дзе мы абмяркоўваем, дзе нам можна прадставіць сваю пазіцыю і, як бы там ні было, данесці сваё меркаванне і тыя шляхі, як мы збіраемся гэта вырашаць. На апошняй такой сустрэчы абмяркоўвалася ўладкаванне роварнай інфраструктуры ў горадзе”.

Да 2016 года ў Брэсце павялічылася колькасць пазначаных маршрутаў для язды на ровары. Цяпер іх агульная працягласць складае 67,5 кіламетраў. Праўда, паўнавартасныя роварныя дарожкі складаюць усяго каля 23 кіламетраў. Астатняе — гэта велаполасы, калі тратуар дзеляць на пешаходную і веласіпедную часткі. Красько называе такі падыход паўмерай.

Красько: “Мы ствараем роварную інфраструктуру не для тых 5%, якія цяпер карыстаюцца роварамі, а для тых 95%, якія не карыстаюцца з-за таго, што проста не маюць нармальнай, бяспечнай інфраструктуры. Сапраўды, велапалосы на тратуары — гэта ўсё паўмера, бо яна ўсё роўна даводзіць да сутыкненняў з пешаходамі. Зразумела, што раварыст мусіць ці мець месца на дарозе, ці мець асобную веладарожку”.

Уладзімір Красько нагадвае, што ў 2013 годзе Брэсцкі гарвыканкам прыняў рашэнне аб мерах па развіцці роварнага руху ў горадзе. Актывіст тлумачыць на лічбах, што гэты план прадугледжваў і наколькі яго атрымалася рэалізаваць.

1. Уладкаванне пандусаў на высокіх бардзюрах. З запланаваных 352 пандусаў да 2016-га года з’явілася каля 250 (71% рэалізацыі).
2. Нанясенне разметкі для велапалос. З запланаваных 45 км на тратуарах з’явіліся 30,3 км разметкі (67,3% рэалізацыі).
3. Устаноўка знакаў (дазваляючых ці забараняючых) “роварны рух”. Планавалі 200 знакаў, паставілі 130 (65% рэалізацыі).
4. Нанясенне піктаграм “Ровар” на велапалосы і веладарожкі. Тут самы горшы паказчык: з 1500 знакаў з’явілася ўсяго 195 (13% рэалізацыі).

Як бачым, рэалізаваць свае планы на сто адсоткаў у мясцовых уладаў за два гады не атрымалася. Па словах Красько, у гарвыканкаме гэта тлумачаць недахопам фінансавання. Менавіта таму кампанія “За Вела-Брэст” сама зоймецца пошукам грошай.

Красько: “Акурат цяпер мы пачынаем стварэнне майстар-плана па стварэнні стратэгіі развіцця роварнай інфраструктуры ў горадзе. Гэты план уключае ацэнку ўсіх магчымасцяў прыцягнення сродкаў на развіццё гэтай інфраструктуры. Ёсць прыклады іншых гарадоў і Еўропы, і СНД, дзе пры дапамозе ўзаемадзеяння з фондамі (напрыклад, Еўрапейскага Саюза) былі створаныя элементы роварнай інфраструктуры, роварныя пракаты”.

Апроч фондаў “За Вела-Брэст”, плануе прыцягнуць і бізнес. Таксама, на думку Красько, для развіцця роварнай інфраструктуры можна задзейнічаць валанцёраў, якія на грамадскіх пачатках маглі б, напрыклад, наносіць тую ж самую разметку ці ўсталёўваць знакі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі