Зачыняецца недзяржаўнае выдавецтва "Кнігазбор"
Генадзь Вінярскі / facebook.com
Прыватнае выдавецтва "Кнігазбор" зачыняецца, яго дырэктар Генадзь Вінярскі здаў пасведчанне выдаўца ў Міністэрства інфармацыі. Пра гэта ён сам паведаміў у сацсетках.
"Вось і скочылася мая эпапея выдаўца.
27 гадоў працы, каля 3 тысяч найменняў кніг, сустрэчы з аўтарамі, прэзентацыі, выставы...
Сёння здаў у Міністэрства інфармацыі Пасведчанне выдаўца.
У хуткім часе пачнем працэс ліквідацыі ПУП "Кнігазбор", таму купляйце ў кнігарнях кнігі нашага выдавецтва. Пакуль яны ёсць у інтэрнэт-кнігарнях: knihi.by, tn.by, kniganosha.by, а таксама ў Кніжнай шафе ды ў іншых кнігарнях", — напісаў Вінярскі.
Першапачаткова выдавецтва насіла назву "Беларускі кнігазбор" і запачаткавала аднайменную серыю, дзе выдаваліся творы класікаў беларускай літаратуры. Пазней назва была змененая на "Кнігазбор".
Летась у Беларусі пад ціскам уладаў былі вымушаныя спыніць працу недзяржаўныя выдавецтвы "Галіяфы" і "Янушкевіч". У кастрычніку дзяржаўнае прадпрыемства "Белкніга" скасавала дамову з "Кнігазборам" ды іншымі прыватнымі выдавецтвамі на распаўсюд літаратуры.
Міністэрства інфармацыі на некалькі месяцаў прыпыняла ліцэнзіі ў выдавецтваў па малазначных прычынах. У "Кнігазбора" ліцэнзію прыпынялі двойчы за год, апошні раз — на месяц з 22 снежня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.