Захад павінен адказаць мовай, якая зразумелая Лукашэнку — Джулі Фішэр

Джулі Фішэр / belsat.eu
Джулі Фішэр / belsat.eu

ЗША будуць каардынаваць свае крокі ў дачыненні да Беларусі з еўрапейскімі партнёрамі, але адэкватны адказ на інцыдэнт з Ryanair будзе, заявіла прызначаны амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрв'ю тэлеканалу "Белсат".

"Відавочна, што Захад павінен адказаць мовай, якую Лукашэнка здольны зразумець: мы не пацярпім такога кшталту дзеянняў, мы не пацярпім, каб яго інструменты рэпрэсій былі разгорнутыя ў Еўропе і за межамі Беларусі", — сказала дыпламат.

Яна падкрэсліла, што рэпрэсіі, якія практыкуюць беларускія ўлады ў дачыненні да апанентаў, непрымальныя і ўнутры краіны. Таму ЗША пераглядае спосабы ўзаемадзеяння з Беларуссю — "інструментамі, якімі маем", сказала Фішэр.

ЗША па-ранейшаму настроеныя падтрымліваць народ Беларусі, але цяпер будуць і рэагаваць на новую тактыку Лукашэнкі. Пры гэтым дыпламат прызнала, што ў цяперашніх умовах дапамагчы разрадзіць сітуацыю магла б Расія – у яе з'явілася "магчымасць адыграць канструктыўную ролю. І мы спадзяемся, што яны змогуць гэта зрабіць", адзначыла дыпламат.

На думку Фішэр, у беларускіх уладаў па-ранейшаму застаецца магчымасць пайсці на дыялог з грамадствам. Яна лічыць, што "ніколі не позна лідару пачаць клапаціцца пра дабрабыт свайго народа".

"Не позна вырашыць, што абавязанні, якія былі ўзятыя што да да правоў чалавека ў краіне, могуць быць выкананыя. Яшчэ не позна вызваліць Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу. Яшчэ не позна вызваліць 400 палітычных зняволеных", — сказала Джулі Фішэр.

Запад должен ответить языком, который понятен Лукашенко — Джули Фишер
Сустрэча ў Вільні амбасадара ЗША Джулі Фішэр і Святланы Ціханоўскай, 19 красавіка 2021 года / @tsikhanouskaya

Прызначаны амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр яшчэ ў красавіку заяўляла, што гатовая прыступіць да выканання сваіх абавязкаў у Мінску, але не можа атрымаць візу. 

Напярэдадні ў інтэрв'ю расійскаму выданню "Коммерсант" беларускі міністр замежных спраў Уладзімір Макей крытычна выказаўся аб актыўнасці амерыканскага дыпламата. "Яна сустрэлася з усімі, зрабіла вялізную колькасць негатыўных заяваў у дачыненні да Беларусі і яе кіраўніцтва, і пасля гэтага яна чакае, каб мы прынялі яе з распасцёртымі абдымкамі?" — сказаў Макей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі