Заходнія СМІ пра Лукашэнку і Сігала: Морква вельмі пасавала да акуляраў Стывена
Сустрэча зоркі Галівуда Стывена Сігала з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам актыўна тыражуецца сусветнай прэсай. Артыкулы лакальных парталаў кшталту omaha.com, whiteriverpost.co.za, hollywood.com ды безлічы іншых надрукавалі крыху перапісанае паведамленне агенцтва Associated Press. Асноўнай тэмай яго стала морква і кавуны, падараваныя акцёру падчас сустрэчы.
“У сераду прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з героем баевікоў Стывенам Сігалам у прэзідэнцкай рэзідэнцыі Дразды, недалёка ад Мінска, — пішуць выданні. — Вядомы аматар сельскай гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка прыцягнуў амерыканскую зорку да збору ураджаю морквы і кавуноў на тэрыторыі сваёй загараднай рэзідэнцыі. На кадрах візіту да Лукашэнка бачна, як ён чысціць моркву і перадае яе Сігалу пакаштаваць. Таксама акцёру перад тэлекамерамі прапанавалі традыцыйныя беларускія стравы, такія, як сала”.
А вось выданні з сусветным іменем ставяцца да пытання больш сур’ёзна і праходзяцца па падзеі з жартамі ды здзеклівымі подпісамі пад фота.
“64-гадовая зорка на сустрэчы з лідарам Беларусі фарсіла ў чорным касцюме і авальных акулярах аранжавага адцення, — пачынае артыкул брытанская газета The Sun. — Яго сустрэлі самымі незвычайнымі падарункамі — Стывена частавалі багатым ураджаем кавуноў ды морквы. Хуткім захватам акцёр узяў моркву, якая вельмі пасавала да яго акуляраў. Пасля ён пажартаваў з двума масіўнымі кавунамі, прыклаўшы іх да грудзей, і хіхікаў перад тэлекамерамі”.
Washington Post узгадвае і пра Мікалая Лукашэнку, які прысутнічаў падчас сустрэчы.
“Малодшы сын прэзідэнта заўсёды падарожнічае разам з бацькам на афіцыйныя візіты і разглядаецца ў якасці афіцыйнага пераемніка, калі Лукашэнка пажадае сысці ў адстаўку”.
Агулам выданні з пэўным непаразуменнем ставяцца да сустрэчы Стывена Сігала з Аляксандрам Лукашэнкам, узгадваючы пра тое, што беларускага кіраўніка называюць “апошнім дыктатарам Еўропы”. СМІ адзначаюць, што “галівудская зорка з’яўляецца фанатам краін усходняй Еўропы”.
“Стывен часта бывае ў гасцях у прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, які дурасліва называе акцёра прадстаўніком Расіі ў ЗША”, — піша Independent.
А Washington Post адзначае, што “гэтай сустрэчы не хапала франтаўства, як падчас папярэдніх візітаў у рэгіён. Напрыклад, у 2013 годзе, калі Стывен гасціў у Рамзана Кадырава ў Чачні, ён праціснуўся ў кола танцораў, якія выконвалі лезгінку. З абыякавым выразам твару, акцёр выканаў інтэрпрэтацыю традыцыйнага каўказскага танца, выкідаючы локці і круцячыся вакол чачэнскай танцоўшчыцы ў доўгім зялёна-залатым строі”.
Прыводзяць выданні і вытрымкі з ранейшых інтэрв’ю Сігала, дзе ён апраўдвае свае сустрэчы з лідарамі, якіх вінавацяць у парушэнні правоў чалавека.
“Пра кожнага прэзідэнта, якога я ведаю і не ведаю, ходзяць плёткі, — казаў Стывен Сігал у 2013 годзе падчас інтэрв’ю Russia Today, узгадаўшы пра існаванне “крымінальных абвінавачванняў супраць прэзідэнта Абамы”. — Ці з’яўляецца Рамзан Кадыраў ваенным злачынцам? Ці з’яўляецца ён ім насамрэч? Калі ён паказаў мне нешта, што ўзвышаецца над дзікай кан’юнктурай і спекуляцыямі”.
Нагадаем зорка галівудскіх баевікоў Стывен Сігал прыехаў у Беларусь у якасці кансультанта серый гульняў Wargaming.