"Закаранелае" сяброўства. Кім Лукашэнка назваў Мядзведзева

"Закоренелая" дружба. Кем Лукашенко назвал Медведева

На нарадзе 9 сакавіка Аляксандр Лукашэнка жорстка адказаў расійскаму прэм'ер-міністру Дзмітрыю Мядзведзеву. Напярэдадні, на міжурадавым пасяджэнні ў рамках ЕўрАзЭС Мядзведзеў нагрубіяніў свайму беларускаму калегу Андрэю Кабякову. Маўляў, Беларусь у ЕўрАзЭС "сілком ніхто не трымае". І калі ўявіць, што нашая краіна выйшла з саюза, дык яна "купляла б цяпер газ па еўрапейскіх коштах".

"Я, вядома, у агульных рысах знаёмы. Мяне больш за ўсё здзівілі заявы майго закаранелага сябра Мядзведзева — сказаў на гэта Лукашэнка. — Нас, дарэчы, ужо палохаць пачынаюць, што газ мы будзем прыродны купляць па еўрапейскіх коштах. Накшталт таго, што будзеце плаціць не $150, а $200. Гэта, ведаеце, падобна таму, што намёк усім — у Расіі перш за ўсё, і ў Беларусі, — што мы з'яўляемся нахлебнікамі ў Расіі: вось, бачыце, яны нам робяць нейкі падарунак".

"Я таксама не хачу ў дэталі ўнікаць, але Мядзведзеў павінен разумець, што калі мы будзем плаціць як у Еўропе, то яму за тое-сёе таксама давядзецца заплаціць. І кошт будзе неймаверна вышэйны, чым цана на прыродны газ", — дадаў беларускі лідар.

За што давядзецца плаціць Мядзведзеву — гэта асобнае пытанне. Лукашэнка мог мець на ўвазе цану транзіту расійскай нафты праз тэрыторыю Беларусі, кошт арэнды зямлі пад расійскія ваенныя базы ці нешта менш відавочнае. Цікава, што дыялог паміж Расіяй і Беларуссю становіцца ўсё больш вастрэйшым, і слова "закаранелы", якое ужыў Лукашэнка — відавочны таму доказ.

Слова "закаранелы" значна больш звыкла бачыць побач са словамі "вораг" ці "злачынец". Кажуць таксама "закаранелы халасцяк". "Гэтае слова з адмоўнай канатацыяй, — распавядае Еўрарадыё філолаг Ала Занкавец. — Таму з "сябрам" ужываецца толькі як стылістычны прыём. Тады ў слова "сябар" з'яўляецца супрацьлеглае значэнне.

"Закаранелы" бывае злачынец, вось гэта значэнне распаўсюджваецца на значэнне слова "сябар". Складана сказаць напэўна, ці іронія гэта, але дакладна стылістычны прыём".

Вось вызначэнне слова "закаранелы" з тлумачальнага слоўніка Ушакова: "Застарэлы, трывала сцверджаны, ўкаранёны так, што з цяжкасцю паддаецца выпраўленню, змене, паляпшэнню. Закаранелая хвароба. Закаранелы погляд. Закаранелыя забабоны".

Сінонімы да слова "закаранелы" на сайце www.classes.ru: "застарэлы, узмужнелы, хто ў грахах, закарэлы, сапраўдны, стары, непапраўны; заматарэлы, злосны, невыкараняльны, прапалены, нераскаяны, закасцянелы, гарбатага магіла выправіць". Тут і праўда больш негатыву, чым пазітыву.

Вось такое яно, "закаранелае" сяброўства. Злоснае, прапаленае, невыкараняльнае. І наогул, гарбатага магіла выправіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі