Захад заклікае парламент Грузіі пагадзіцца з вета на "расійскі закон"

Пратэст у Тбілісі супраць "закону аб іншаагентах"

Пратэст у Тбілісі супраць "закону аб іншаагентах" / JAMnews

Белы дом і еўрапейскія палітыкі заклікаюць парламент Грузіі "праявіць мужнасць" і не пераадольваць вета на закон "аб іншаагентах", напярэдадні накладзены прэзідэнткай краіны Саламэ Зурабішвілі.

Пра гэта гаворыцца ў заявах прэс-сакратара Савета нацбяспекі ЗША Эдрыен Уотсан і кіраўніка Еўрасавета Шарля Мішэля. Паводле яго слоў, ветаванне закона дае магчымасць прыйсці да кампрамісу паміж уладамі Грузіі і краін Захаду, паколькі дакумент у сваёй цяперашняй форме не адпавядае каштоўнасцям Еўрасаюза і шляху Тбілісі ў ЕС.

"Я заклікаю ўсіх палітыкаў і лідараў Грузіі скарыстацца гэтым акном магчымасцяў і зрабіць так, каб Грузія заставалася на еўрапейскім шляху, які падтрымлівае насельніцтва",адзначыў кіраўнік Еўрасавета.

У сваю чаргу, піша JAMnews, член камітэта Кангрэса ЗША па міжнародных адносінах і старшыня Хельсінкскай камісіі Джо Уілсан плануе ўнесці на разгляд законапраект, які ўвядзе санкцыі супраць ініцыятараў і лабістаў "расійскага закона".

18 траўня прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі наклала вета на закон "Аб празрыстасці замежнага ўплыву" (у грамадстве яго называюць закон "аб іншаагентах" або "расійскі закон").

"Гэты закон па сваёй сутнасці, па сваім духу з'яўляецца расійскім законам, які супярэчыць нашай канстытуцыі, супярэчыць усім еўрапейскім стандартам і тым самым уяўляе сабой перашкоду на нашым шляху ў Еўропу", — заявіла палітык.

Вета перададзена ў парламент. Але гэта — не канец гісторыі з законам. Парламент можа яго абысці, паколькі яго большасць — сябры кіруючай партыі "Грузінская мара", якая лабіруе прыняцце дакумента. Калі, нягледзячы на масавыя пратэсты грамадзян Грузіі, якія доўжацца месяц, парламент вырашыць абысці вета — закон падпіша спікер. Тады ён уступіць у сілу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі