Замест спатканняў у калоніях зняволеным дазволілі відэатэлефанаванні
У сувязі з каранавірусам у беларускіх калоніях ужо трэці месяц не дазваляюць кароткатэрміновыя і працяглыя спатканні. Замест сустрэчы з роднымі зняволеным дазволілі відэатэлефанаванні, піша TUT.by.
Пілотны праект з відэатэлефанаваннямі запусцілі на пачатку 2020 года ў дзвюх беларускіх калоніях у Магілёве і Бабруйску. Аднак пасля ўспышкі каранавіруса такую ж меру ўвялі ў віцебскай калоніі, там сярод іншых адбываюць пакаранне асуджаныя за карупцыю чыноўнікі, бізнесоўцы, суддзі, сілавікі.
Тэлефанаваць дазволена два разы на месяц. Працягласць размовы не павінна перавышаць 15 хвілінаў. Пры гэтым даступнымі для вязняў застаюцца звычайныя тэлефанаванні праз тэлефон: іх парадак і колькасць ўсталёўваюцца правіламі ўнутранага распарадку папраўчай установы.
Таксама родныя могуць раз у месяц зрабіць дадатковую прадуктовую перадачу вагой да 10 кг.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.