Замест яблыневага саду ў Лошыцкім парку будзе дзіцячая пляцоўка

Лёс яблыневага саду, які складае паўночную частку Лошыцкага парку, вырашаны. Паводле праекта, складзенага прадпрыемствам "Мінскпраект" і зацверджанага ўсімі інстанцыямі, на яго месцы пабудуюць вялізную дзіцячую пляцоўку. Вось што распавёў Еўрарадыё начальнік майстэрні ландшафтнай архітэктуры і дызайна ПКУП "Мінскпраект" Уладзімір Мірошчанка:

Уладзімір Мірошчанка: "Знішчаецца частка саду, якому 50 гадоў і які, будзем казаць так, нікому не патрэбны. Па гэтым месцы праходзіць пешаходная сувязь і будуецца дзіцячы гарадок з услонамі і малымі архітэктурнымі формамі. І больш нічога!"

Пра тое, што сад не ўяўляе аніякай каштоўнасці, за апошні час мне давялося чуць і ад супрацоўнікаў прадпрыемства "Мінскзеленбуд", што працуюць у Лошыцкім парку, і ад гісторыкаў. У гэтым упэўнены і старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч:

Антон Астаповіч: "Яблыневы сад – гэта сапраўды познія насаджэнні, якія рабіліся ў 50-я гады ХХ стагоддзя. Таму пад статус гісторыка-культурнай спадчыны... Увогуле, нічога гістарычнага з гэтым садам не звязана. Праўда, у чарговы раз: у нас у Мінску не так шмат зялёных насаджэнняў. І калі гэты сад будзе знішчацца пад забудову, нават гэтых яблыневых насаджэнняў будзе шкада".

Як ні дзіўна, адзіныя, хто бачыць у яблыневым садзе не толькі экалагічную, але і гістарычную каштоўнасць, – гэта селекцыянеры з РУП "Інстытут пладаводства". Паводле Зоі Казлоўскай, якая ўзначальвае аддзел селекцыі пладовых культур згаданага інстытута, сад у сваіх сучасных памерах закладаўся ў сярэдзіне 1920-х, то бок каля 80 гадоў таму. І гэтая праца вялася не на пустым месцы: сад існаваў побач з сядзібай Прушынскіх як мінімум з канца XIX стагоддзя:

Зоя Казлоўская: "Пэўным дрэвам там дзвесце – не дзвесце, але гадоў сто дык дакладна".

Навуковай каштоўнасці сад у Лошыцы не мае – уся калекцыя гатункаў перанесеная на тэрыторыю інстытута ў Самахвалавічы. Але...

Зоя Казлоўская: "Для гісторыкаў гэта каштоўна. Калі дрэвы яшчэ растуць, калі яны ў добрым стане, дык можна было б зрабіць дызайн з выкарыстаннем асобных экэмпляраў. Таксама, як у ландшафтным дызайне выкарыстоўваюцца асобныя экзэмпляры дуба, грэцкага арэха і іншых раслінаў".

З тым, што ў яблыневым садзе ёсць каштоўныя дрэвы, Уладзімір Мірошчанка катэгарычна не згодны:

Мікалай Карняйчук: "Але кажуць, што ў садзе ёсць яблыні, якім больш за сто гадоў".
Уладзімір Мірошчанка: "Брэшуць!У нас ёсць навуковы кіраўнік, які адсочвае ўсе гэтыя пытанні. Перад тым, як прайсці экспертызу гэтага аб'екта, мы ўзгаднілі яго з усімі інстанцыямі".

Персанажы з апошніх дыялогаў п'есы "Вішнёвы сад" Антона Чэхава чуюць удалечыні гук сякеры, якая стучыць па дрэве. Грукатанне бульдозераў, якія будуць знішчаць яблыневы сад у Лошыцы, болем у сэрцах адчуе шмат хто з мінчукоў. Сярод іх – мастачка Ніка Сандрос, якая 21 ліпеня правяла першую акцыю ў абарону парку і сядзібы.

Ніка Сандрос: "Для мяне Лошыцкі парк – гэта адзінае спакойнае месца ў вялікім горадзе, у сталіцы, дзе можна бавіць час на траве, сярод дрэваў. Такога месца больш няма".

Фота — Антон Матолька

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі