“Замкі Беларусі” каштуюць бюджэту як трохпакаёвая кватэра ў цэнтры Мінска

“Праграма “Замкі Беларусі” застаецца. І па Гальшанскім замку, і па Наваградскім, і па Крэўскім там працы вяліся, зараз не вядуцца, там у Крэве ўжо вычарпаны аб’ём сродкаў. Зараз адкрыецца новае фінансаванне, будзем працягваць”, — у Міністэрстве культуры ўсё ж спадзяюцца працягнуць аднаўляць замкі.

Праўда, колькі выдаткавалі з бюджэту на гэта, тут пакуль не ведаюць.

Гальшанскі і Быхаўскі замкі могуць недарабіць з-за скарачэння фінансавання, непакоіцца старшыня Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч:

“На тых аб’ектах, дзе нармальна праводзяцца работы, — гэта Быхаўскі і Гальшанскі замкі — гэта адаб’ецца негатыўна. Там ужо шмат чаго зроблена, але адсутнасць фінансавання не дазволіць гэта дарабіць. Для рэстаўрацыі гэта катастрофа: калі ўжо распачатыя тэхналагічныя працэсы, іх нельга спыняць. Тую суму, якая ёсць, трэба выкарыстоўваць на гэтыя аб’екты”, — тлумачыць Еўрарадыё Антон Астаповіч.

На Быхаўскім замку працы пакуль вядуцца. У райвыканкаме нават пісалі ў Міністэрства культуры, каб фінансаванне працягнулі.

“Мы накіравалі ліст у Мінкульт, бо гэта ўнікальны аб’ект. І нас запэўнілі, што фінансаваць будуць, будуць весціся працы. Дзве вежы ўжо амаль зробленыя, там зараз унутраныя працы вядуцца”, — супакойваюць у Быхаўскім райвыканкаме.

“Разлічваем на фінансавую падтрымку і нават шукаем падрадчыкаў”, — расказваюць пра Крэўскі замак у Смаргонскім райвыканкаме. Але пэўна сказаць не могуць, ці дадуць на замак грошай.

“Як ён уключаны ў праграму, то нешта ж мусіць быць. Зараз чакаем праектаў”, — дадаюць у райвыканкаме.

1,4 мільярда рублёў, якія дзяржава ахвяравала з бюджэту на 38 замкаў, — гэта каля 150 тысяч долараў. Для параўнання: трохпакаёвая кватэра ў цэнтры Мінска, каля Плошчы Перамогі, будзе каштаваць амаль столькі ж. 

Быхаўскі замак

Нагадаем, пад праграму “Замкі Беларусі” падпадаюць 38 замкаў. Сем з іх плануюць аднавіць цалкам. Астатнія — на частковую рэстаўрацыю з кансервацыяй.

Фота: ic.pics.livejournal.com, allcastles.ru На першым фота - брама ў Ружанскі замак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі