"Замыкаюць у металічную клетку" — да Мікалая Дзядка дапусцілі адваката
Мікалай Дзядок / Еўрарадыё
Адвакат Наталля Мацкевіч нарэшце змагла сустрэцца са сваім падабаронным — блогерам і актывістам анархісцкага руху Мікалаем Дзядком. Гэта першая сустрэча за два тыдні — раней адвакатам адмаўлялі ў наведванні блогера.
"У абароны ёсць падставы турбавацца", — сказала адвакат у інтэрв'ю TUT.BY па выніках сустрэчы. Настрой у Дзядка бадзёры, за апошні тыдзень яму перадалі больш за сто лістоў. Але пры гэтым за час знаходжання ў СІЗА актывіст змяніў некалькі камер з-за канфліктаў з сукамернікамі. І ён не выключае, што сітуацыя можа пагоршыцца.
Акрамя таго, адваката збянтэжылі ўмовы, у якіх ім з падабаронным даводзіцца працаваць у СІЗА на Валадарскага. Апошні месяц сустрэчы праходзяць у кабінеце, "дзе Дзядка замыкаюць у металічную клетку, якая яшчэ і герметычна закрытая пластыкавымі панэлямі".
"Гэта выключае магчымасць перадаваць запісы і дакументы, а каб размаўляць праз аргшкло, даводзіцца павышаць голас. Гэта ставіць пад сумнеў ўмова прыватнасці", — патлумачыла Наталля Мацкевіч.
Пры гэтым, адзначыла яна, у СІЗА ёсць іншыя кабінеты. Чаму для сустрэч з абаронай Дзядку падаюць менавіта гэтае памяшканне, адміністрацыя не тлумачыць.
"Аб'ектыўных і разумных падстаў да гэтага няма, улічваючы, што блогер абвінавачваецца ў здзяйсненні менш цяжкага, негвалтоўнага злачынства", — кажа адвакат.
Такія ўмовы, падкрэсліла яна, не спрыяюць аказанню эфектыўнай юрыдычнай дапамогі. Адвакаты напісалі скаргу на абставіны сустрэч з падабаронным ва ўпраўленне Дэпартамента па выкананні пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці і ў пракуратуру.
Мікалая Дзядка затрымалі 12 лістапада. У МУС сцвярджалі, што знайшлі ў блогера буйныя сумы ў замежнай валюце, матэрыялы, неабходныя для вырабу кактэйляў Молатава, а таксама ўлёткі і пратэстную атрыбутыку. Пры затрыманні Дзядка моцна збілі. Бацька блогера пазней звярнуўся ў СК, прасіў аб узбуджэнне крымінальнай справы па факце збіцця і катаванняў над сынам, але праверка па яго заяве так і не была пачата, сцвярджаюць праваабаронцы. Дзядка абвінавачваюць у Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх. Праваабаронцы прызналі блогера палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.