У нармалізацыю пры Лукашэнку не веру — Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок / фота з яго акаўнту ў Фэйсбуку

З рэжымам Лукашэнкі можна весці дыялог і адначасова аказваць на яго ціск. Такое меркаванне экс-палітвязень Мікалай Дзядок выказаў у інтэрв'ю DW

"А хто сказаў, што дыялог выключае ціск? Я гэта прасоўваю. Дыялог з Лукашэнкам? Так. Зняцце санкцый? Толькі пасля канкрэтных зрухаў. Лукашэнка можа, напрыклад, вызваляць людзей. Калі тэрарыст захапіў закладніка, з ім уступаюць у перамовы. Не бачу праблемы ў тым, каб, працягваючы і ўзмацняючы ціск, размаўляць з Лукашэнкам",кажа вядомы анархісцкі актывіст.

Разам з тым ён не верыць, што пры кіраванні Лукашэнкі ў Беларусі магчымая нармалізацыя. Дзядок нагадвае, што рэпрэсіі пры Лукашэнку працягваліся ўвесь час, проста раней не набывалі такіх гіганцкіх памераў, як з 2020 года:

"І што ёсць нармальнасць, 2019 год? Дык я нагадаю, што і ў 2019-м людзі сядзелі, проста гэта не былі вы. Людзі вашага кола сядзелі ў лофтах, каворкінгах і пілі імбірны смузі. А праваабаронцы, анархісты, футбольныя фанаты сядзелі ў турмах за тое, чаго не рабілі".

Пры гэтым Дзядок перакананы, што ў беларускім грамадстве немагчымае і вяртанне да сітуацыі 2019 года. Людзі, якія так кажуць, на яго думку, падманваюць сябе і навакольных.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.