Зарадкі для электрамабіляў стануць у Беларусі платнымі з 1 студзеня
Навагодні "падарунак" атрымаюць уладальнікі электрамабіляў: з 1 студзеня 2021 года зарадка на станцыях Malanka стане платнай.
Кошт 1 кВт на станцыях пастаяннага току (хуткія ЭЗС) складзе 39 капеек, на станцыях пераменнага току (павольныя) — 29 капеек, паведамляе TUT.by. Аплаціць зарад можна будзе з дапамогай мабільнай праграмы Malanka: яна ўжо некалькі месяцаў працуе ў тэставым рэжыме.
Зарадка для электракараў была ў Беларусі бясплатнай з 2014 года.
Нават пасля ўвядзення платы электрапаліва будзе ўдвая таннейшае за бензін. Зарадка электрааўтамабіля на 100 км будзе каштаваць каля 6 рублёў (у залежнасці ад тыпу зараду). Аўтамабілю з рухавіком унутранага зграрання на такую адлегласць спатрэбіцца прыблізна 10 літраў паліва, што складзе 18-20 рублёў.
Намеснік гендырэктара ВА "Беларуснафта" Андрэй Коцік кажа, што нават пасля ўвядзення тарыфаў кошт электразарадкі ў Беларусі будзе самым нізкім у Еўропе. "Такі кошт на электрычнасць застанецца дзякуючы ў тым ліку і ўвядзенню ў эксплуатацыю Беларускай АЭС. Сёння на асобных ЭЗС у сталіцы ў дзень зараджаецца да 10 аўтамабіляў, што блізка да стандартных значэнняў і кажа пра тое, што мы гатовыя пераходзіць на новы этап працы", — патлумачыў прадстаўнік "Беларуснафты".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.