Затрыманы хуліган, які разбіваў машыны з-за нешчаслівага кахання (відэа)
Еўрарадыё атрымала відэа таго, як у мінскім мікрараёне Уручча міліцыя жорстка затрымлівае маладых людзей. Падзеі адбываліся ў ноч з 23 на 24 кастрычніка.
Праваахоўнікі паклалі маладых людзей тварам у зямлю, закаваўшы ім рукі ў кайданкі.
Мясцовыя жыхары выказвалі здагадкі пра тое, што такім чынам ўзялі наркадылераў. Аднак аказалася, што да псіхатропаў гэта здарэнне дачынення не мае. Яно хутчэй звязанае з драматычным каханнем.
Гісторыя, паводле інфамрацыі праваахоўнікаў, выглядала так. Кампанія выпівала у двары дома. Раптам адзін з маладых людзей пачаў разбіваць запаркаваныя аўтамабілі. Жыхары выклікалі міліцыю, супрацоўнікі патрульна-паставой службы паспелі затрымаць хулігана. Той патлумачыў паводзіны тым, што пасварыўся з дзяўчынай.
“Распачата крымінальная справа па частцы 1 артыкулу 339 крымінальнага кодэксу (“Хуліганства”). У адной машыне разбіта люстэрка задняга віду і памяты капот. Яшчэ два аўтамабілі пашкоджаны нязначна”, — паведамляе Еўрарадыё галоўны інспектар Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў.
Таварышы падазраванага, якіх, мяркуючы па відэа, таксама затрымалі, праходзяць па справе ў якасці сведак. Усе ўдзельнікі інцыдэнту знаходзяцца на волі.