"Здубеў і пайшоў дадому": у школе побач з Саветам Рэспублікі мерзнуць вучні
"4-я школа, Мінск, вельмі холадна. Дзеці сядзяць у куртках" / слухачы Еўрарадыё
Раніцай 8 лютага слухачы Еўрарадыё даслалі ў рэдакцыю фота дзяцей, якія сядзяць на ўроку ў куртках. "4-я школа, Мінск, вельмі холадна. Дзеці сядзяць у куртках".
У панядзелак з раніцы ў сталіцы было 19 градусаў марозу.
Што наконт гэтага думаюць у школьнай адміністрацыі?
— Я прайшла ўсе кабінеты, дзе займаўся клас, які скардзіўся, — каментуе сітуацыю намесніца дырэктара па вучэбнай рабоце Міла Давідоўская. — Усюды цёпла. Там, дзе не трапляла сонца, трохі холадна было на першым уроку, але не цяпер. Усюды гарачыя батарэі.
Па словах адной з настаўніц, у школе холадна, таму што будынак — стары. Ён пабудаваны ў 1936 годзе. Калі за вокнамі люты мароз, батарэі не ратуюць.
Бацькі вучняў тлумачаць сітуацыю па-свойму:
— У школе драўляныя вокны, у кабінеце ў дырэктара — пластыкавыя. Адно дзіця пайшло дадому, таму што здубела так, што калацілася. Напісала маме, што мерзнуць ногі. Ёсць класы, дзе дубарына. Цяплей толькі ў кабінетах на сонечным боку. На першым паверсе дубак, на трэцім — нармальна. Так і ходзяць увесь дзень.
Па нормах аптымальная тэмпература паветра ў навучальных класах, бібліятэцы, чытальнай зале, кабінетах для дадатковай адукацыі павінна складаць ад 18 да 20 градусаў цяпла. У майстэрнях, кабінетах абслуговых відаў працы — 16–17 градусаў, у актавай зале — не ніжэй за +17ºС, у спартыўнай і харэаграфічнай залах, класе для заняткаў рытмікай — ад 15 да 18 градусаў вышэй за нуль, у раздзявалках — 19–23 градусы, у музычных і гімнастычных залах — 18–19 градусаў, у прыбіральнях — 19–21 градус.
Калі гэтыя правілы парушаюцца, бацькі могуць звяртацца ў адміністрацыю навучальных устаноў і вырашаць праблему.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.