Жабрацкая Украіна толькі ў галовах у прапагандыстаў: інтэрв'ю з беларусам з УСУ
Айсберг на пазіцыі / Еўрарадыё
Беларуская прапаганда накінулася на Украіну. Спачатку Рыгор Азаронак назваў яе краінай жабрацкага і выміраючага народа: "Яны распрадалі ўсю краіну: зямлю, заводы, парты. Яны ператварылі квітнеючую краіну ў пірацкі бандэрастан. Вашых дзяцей таварнымі маштабамі прадаюць на органы, а дзяўчат ледзь не афіцыйна пастаўляюць у еўрапейскія бардэлі". Потым Юлія Арцюх расказала, што ўкраінцы "лазяць па сметніках у пошуках ежы". А ў гэты час прэзідэнт Украіны — Зяленскі, сядзіць у раскошным кабінеце і "піліць стрымчыкі". Абаіх неадкладна ўнеслі ў базу "Міратворца".
Што на самай справе адбываецца ва Украіне? Еўрарадыё пагутарыла пра гэта з байцом з Беларусі, які цяпер служыць ва Украіне. Ён расказаў пра цяперашнюю абстаноўку непасрэдна на лініі судакранання каля Данбаса, пра вынікі візіту Зяленскага на фронт і пра тое, у якім выпадку пратэстоўцаў усё-ткі можна "біць дубінкамі".
Айсберг (пазыўны зменены з меркаванняў бяспекі) ваюе з сярэдзіны 2015 года. Пачынаў са службы ў добраахвотніцкім батальёне "Правага сектара". З 2017 года і да сённяшняга дня служыць па кантракце ва Узброеных сілах Украіны.
Зноў вайна?
— Цяпер я знаходжуся на пазіцыях Аўдзееўскай прамзоны. Па спецыяльнасці я наводчык ПТРК [процітанкавы ракетны комплекс. — Еўрарадыё]. Разам са мной толькі ў нашым батальёне чацвёра беларусаў.
СМІ бурляць навінамі пра канцэнтрацыю войскаў з абодвух бакоў у памежнай зоне. Ці адчуваецца напружанне ў войсках? Ці відаць зграмажджэнні тэхнікі, пра якую пішуць?
— Наконт напружання... Яно больш адсочваецца ў СМІ. Наконт сцягвання расійскіх войскаў мы ведаем толькі з навін. Знаходжуся ў раёне судакранання, але сказаць, што шчыльнасць баевікоў павялічылася, пакуль не магу.
Канфлікт замарожаны, і колькі часу гэта яшчэ працягнецца, сказаць немагчыма. На мой погляд, цяпер Расія па максімуме мае намер трымаць гэты канфлікт у неразвязаным стане. Гэта, на маю думку, і ёсць палітычная мэта Расіі на сённяшні дзень. Нам жа застаецца пакуль толькі стаяць далей і не даваць саперніку прасунуцца наперад. Я лічу, што, як толькі мы пойдзем у наступ, Расія адразу кіне на нас усю сваю моц.
— На жаль, бываюць такія выпадкі, калі забіваюць тваіх таварышаў па службе, — працягвае баец. — Першыя дні пасля такіх непрыемных падзей адчуваеш сябе прыгнечана. Але і хутка адпускае — напэўна, дапамагае гэтаму ўсведамленне таго, што для вайны гэта натуральны працэс. Але ўсе такія страты пераносяць па-рознаму. Напэўна, гэта звязана з тым, што кожны па-рознаму сябе маральна настройвае перад адпраўкай у АТА/ААС.
У мяне раненняў ніколі не было, у адрозненне ад маіх многіх таварышаў. Калі я быў яшчэ ў ДУК ПС [Добраахвотніцкі ўкраінскі корпус. — Еўрарадыё] ў 2015 годзе, нас адправілі на блокпост другой лініі, калі не памыляюся. Расійскія баевікі па нас адкрылі агонь з артылерыі. Жылі мы на той момант у палатках, і да найбліжэйшага сховішча было бегчы метраў сто па полі. Як мне здаецца, гэта быў самы небяспечны момант са службы. Тым больш што гэта быў мой першы абстрэл.
Цяпер абстаноўка ў цэлым застаецца стабільнай. Па-ранейшаму актыўна працягваюць працаваць снайперы, часам праціўнік прымяняе больш цяжкую зброю, такую як аўтаматычны станковы гранатамёт, мінамёт, станковы процітанкавы гранатамёт.
Пры Зяленскім кардынальных змен у войску не адбылося
Айсберг цвёрда ўпэўнены, што супраць УСУ ваююць не жыхары Данецкай і Луганскай абласцей, а расійскія "баевікі". Адкуль такая ўпэўненасць?
— Гэта было і ў папярэднія гады. Магчыма, што так і будзе і цяпер: Расія падтрымае сепаратыстаў у адбіцці нашых нападаў. І як і раней, скажа ўсяму свету, што "іх там не было", а атаку Украіны сепаратысты адбілі сваімі сіламі і зброяй, захопленай у нашых войскаў. Як паказала практыка, ніхто з боку Расіі моцна нічога і не хаваў [прысутнасці расійскіх войскаў. — Еўрарадыё]. Была ўжо выяўлена велізарная колькасць доказаў расійскай прысутнасці ў гэтым канфлікце. Іншая рэч, што Расія папросту ігнаруе прад'яўленыя доказы іх датычнасці да гэтай вайны.
У пачатку канфлікту ўкраінскаму войску даводзілася тугавата. Па расказах удзельнікаў АТА, не хапала адзення, правізіі, нейкіх бытавых рэчаў. Як цяпер жывецца вайскоўцам, якія знаходзяцца за некалькі кіламетраў ад праціўніка?
— Ну што тут сказаць. Пазіцыі даўно ўжо не мяняліся. Акопы і бліндажы за гэты час ужо нядрэнна абсталяваныя. У плане забеспячэння можна сказаць, што войска Украіны выйшла на цалкам добры, новы ўзровень. Затрымак з дастаўкай прадуктаў і рыштунку на перадавую няма. Стомленасці асабіста я асабліва не адчуваю, ёсць магчымасць ездзіць у адпачынак па жаданні, нават з перадавой. Я вось і сам хутка паеду ў адпачынак. Так што сказаць, што па службе ёсць нейкія сур'ёзныя праблемы, не магу.
Еўрарадыё: Але ж так не бывае. Ва ўсякага войска, нават самага забяспечанага, заўсёды ёсць недахопы і нястача чаго-небудзь.
— З пазіцыі салдата змен я не бачу. Унутраныя змены ў рамках структуры кіравання, магчыма, і ёсць. Але я не кампетэнтны ў такіх пытаннях. Ну а што да таго, ці ўсё задавальняе, — ну так, усё на сто адсоткаў задавальняць не можа, і тым больш усіх. Але ў цэлым, як я лічу, умовы для службы прымальныя.
Не так даўно ў рамках рабочай паездкі ў зону ААС прыязджаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Што змяняецца ў войсках пасля яго візітаў? І як да яго ставяцца вайскоўцы?
— Так, прыязджаў. Я асабіста не быў побач падчас яго візіту, і пра што ён гаварыў з камандзірамі, я не ведаю. Стаўленне ў вайскоўцаў да яго рознае, як, напэўна, і ў грамадзянскай супольнасці. Наконт вынікаў яго паездак, хутчэй, лепш відаць афіцэрскаму складу. Мы, салдаты, аднолькава нясём службу як да яго прыезду, так і пасля. Як на мяне, то з таго моманту, як прыйшоў Зяленскі, ніякіх кардынальных змен у войску не адбылося. Але я магу і памыляцца, таму што пра тое, што адбываецца на найвышэйшых узроўнях кіравання войска, мне невядома.
"Разабрацца з алігархамі — гэта пытанне часу"
Рэвалюцыя ва ўкраінцаў атрымалася, але прайшоў не адзін год, а праблемы, супраць якіх падняўся "Майдан", застаюцца актуальнымі. Што пайшло не так?
— Украіну да "Майдану" я, скажам так, не ведаю, — кажа Айсберг. — Але вось што я магу сказаць наконт Украіны сёння: на мой погляд, яна ўсё яшчэ стаіць на этапе станаўлення новага грамадства і фармавання новай дзяржаўнай дактрыны з новай нацыянальнай ідэяй. Гэта доўгі і працаёмкі працэс у жыцці краіны. Ёсць, вядома, і шэраг фактараў, якія тармозяць усе гэтыя працэсы. Гэта такія праблемы, як карупцыя, шэраг алігархаў, якія ставяць свае бізнес-інтарэсы вышэй за агульнанацыянальныя. Гэта і прарасійскія палітычныя сілы, якія ўсё яшчэ не страцілі цалкам уплыву і якія імкнуцца да рэваншу. Вайна на Данбасе таксама ў некаторых выпадках перашкаджае развіццю эканомікі і знешняй палітыкі краіны.
Чаму байцы АТА і "Правы сектар" не могуць навесці парадак, разабрацца з алігархамі?
— Я думаю, што гэта толькі пытанне часу, — адказвае хлопец. — Барацьба інтарэсаў унутры краіны ўсё яшчэ працягваецца і будзе працягвацца яшчэ не адзін год. Гэта само па сабе не так проста, алігархат мае шмат грашовых сродкаў, сувязяў і ўплыву ва ўладзе.
"Жабрацкая Украіна" толькі ў галовах у прапагандыстаў з краін-суседак
Айсберг жыве ва Украіне ўжо пяць з лішнім гадоў. Што ён можа сказаць наконт "жабрацкай Украіны", пра якую расказваюць беларускія прапагандысты?
— У плане эканомікі ўсё, што беларускія дзяржаўныя СМІ кажуць пра Украіну, больш адносіцца да самой Беларусі. Усе такога роду рэпартажы з беларускага тэлебачання накіраваныя беларускаму грамадству ў якасці страшылкі. Маўляў, "вось вы бачыце, як цяпер ва Украіне пасля "Майдану"? Галеча, вайна і разруха. Вы таксама так хочаце?".
Няўжо з эканомікай і сацыялкай ва Украіне ўсё так выдатна?
— Жабрацкія пласты грамадства ёсць у кожнай краіне без выключэння, але ва Украіне далёка не так усё дрэнна, як гэта паказвае беларускае і расійскае тэлебачанне.
Як украінцы ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі? А да Святланы Ціханоўскай?
— Да Лукашэнкі ставяцца па-рознаму. Некаторыя па-ранейшаму працягваюць лічыць, што Лукашэнка — гарант стабільнасці, парадку і спакойнага жыцця ў Беларусі. Адкуль ва ўкраінцаў такія думкі — для мяне загадка. Але сітуацыя з задушэннем мірных пратэстаў уладамі Беларусі многіх украінцаў адвярнула ад Лукашэнкі. Наконт Ціханоўскай ніхто нічога асабліва не кажа. Пра яе мала хто і ведае. Асабіста я на выбарах не галасаваў. Па-першае, я ўжо даўно не веру ў выбары ў Беларусі. А па-другое, ісці ў амбасаду Беларусі мне проста небяспечна, як на мой погляд.
"Перад тым як ісці біць людзей, трэба разбірацца ў сітуацыі"
На перадавой таксама чулі пра гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў пасля выбараў-2020 у Беларусі. Еўрарадыё прапануе Айсбергу паставіць сябе на месца ўкраінскага амапаўца: ці стаў бы ён страляць у прыхільнікаў ДНР і ЛНР, якія пратэставалі б у Кіеве ? Ён кажа, што не стаў бы. А дубінкамі пабіў бы?
— Дубінкамі — безумоўна. Але перад тым як ісці біць людзей, трэба разбірацца ў сітуацыі. Адна рэч, калі людзі выходзяць адстаяць сваё законнае права ўнутры сваёй краіны [пра пратэстоўцаў у РБ. — Еўрарадыё]. А іншая рэч, калі купка здраднікаў [пра прадстаўнікоў ДНР і ЛНР. — Еўрарадыё] спрабуе дамагчыся парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Спрабуе пайсці, так бы мовіць, на крок, які вядзе да разрэзу нацыянальных інтарэсаў. Тут нельга проста падзяліць на чорнае і белае, можна міліцыі біць людзей дубінкамі ці не. Тут важна разбірацца ў сітуацыі.
"Свой удзел у канфлікце лічу правільным"
Пяць гадоў на вайне. Можа, пара дадому?
— На цывільнае жыццё пакуль не цягне. Хацелася б, вядома, дайсці да расейскіх межаў, а ўжо потым на цывільнае жыццё. Але не магу сабе нават уявіць, калі ўзнікне такая магчымасць. Баявыя дзеянні, так бы мовіць, замарозіліся на няпэўны час. І я не выключаю, што гэты канфлікт калі-небудзь будзе развязаны палітычным шляхам, а не вайскоўцам, — спадзяецца Айсберг. — Дадому? Пры гэтай уладзе дакладна не. На мяне, як і на ўсіх астатніх беларускіх добраахвотнікаў, на радзіме заведзены крымінальныя справы за ўдзел у ваенных дзеяннях на баку іншай дзяржавы.
Свой удзел у канфлікце лічу цалкам правільным. Расія нясе пагрозу ўсім краінам Усходняй Еўропы. І як я лічу, гэта наш супольны абавязак — дапамагчы Украіне, якая апынулася сам-насам з такім подлым і крыважэрным ворагам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.