Жазэ Маўрынью звольнілі з пасады галоўнага трэнера "Чэлсі"
Жазэ Маўрынью звольнілі з пасады галоўнага трэнера "Чэлсі". Лонданскі клуб скасаваў кантракт з партугальскім спецыялістам, які быў заключаны да 2019 года, інфармуе ВВС.
Летась Маўрынью выйграў з "Чэлсі" Англійскую прэм'ер-лігу, але сёлета каманда выступае жахліва і знаходзіцца ў ніжняй частцы турнірнай табліцы. Пры гэтым лонданцы паспяхова гуляюць у Лізе чэмпіёнаў, упэўнена выйшлі ў плэй-оф.
Імя пераемніка партугальца пакуль не называецца. Але ў СМІ згадваецца, што сярод верагодных прэтэндэнтаў на пасаду галоўнага трэнера "Чэлсі" — галандзец Гус Хідзінк, брытанец Брэндан Рожэрс, іспанцы Хуандэ Рамас і Хасэп Гвардыёла. Дарэчы, апошні, нібыта, прыняў рашэнне аб сыходзе з мюнхенскай "Баварыі".
Жазэ Маўрынью двойчы працаваў з "Чэлсі" — у 2004-2007 і 2013-2015 гадах. За гэты час ён тройчы выйграў чэмпіянат і Кубак лігі, адзін раз — Кубак Англіі. Трэнер лічыцца самым паспяховым у гісторыі "Чэлсі".
Фота: ria.ru