Журналісцкая вёска ў Рыа-дэ-Жанейра стаіць на могілках чарнаскурых нявольнікаў?

Журналісцкая вёска ў Рыа-дэ-Жанейра стаіць на могілках чарнаскурых нявольнікаў?

Журналістаў на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра паселяць на месцы старажытнага пахавання чарнаскурых нявольнікаў. Пра гэта піша The Guardian.

Недалёка ад месца будаўніцтва медыя-вёскі для журналістаў, каля царквы Сан-Гансалу ў 2000 годзе археолагі выявілі месца масавага пахавання чарнаскурых рабоў. Прафесар гісторыі Папскага каталіцкага універсітэта Рыа-дэ-Жанейра Роджэр Рыбейра заяўляе, што верагоднасць таго, што журналістам фактычна прыйдзецца жыць на костках нявольнікаў, вельмі высокая.

Суполка нашчадкаў пахаваных там людзей, якія лічаць гэтую зямлю святой, абвінаваціла падрадчыкаў у непавазе да памяці іх продкаў. Яны заяўляюць, што кампанія-забудоўшчык таксама знішчыла гістарычныя помнікі — будынак былога цукровага завода і дом плантатара.

Пабудаваны на гэтым месцы жылы комплекс, з 5 ліпеня адкрыты для журналістаў, будзе прададзены прыватным пакупнікам пасля Алімпіяды.

Ва ўрадзе горада Рыа-дэ-Жанейра заявілі, што не ведаюць пра якія-небудзь прэтэнзіі: 

"Медыя-вёска Рыа-2016 года з’яўляецца прыватным прадпрыемствам, пабудаваным на прыватнай уласнасці па параметрах, вызначаным горадам”, — кажа прэс-сакратар урада.

Забудоўшчык заявіў выданню, што набыў гэтую зямлю па звычайнай працэдуры і законным чынам. У The Guardian, аднак, адзначаюць, што кампанія таксама пабудавала алімпійскае поле для гольфа і ахвяравала 500 000 бразільскіх рэалаў палітычнай партыі мэра горада.

У выданні адзначаюць, што большасць журналістаў не ў курсе гэтай сітуацыі, бо яна не занадта шырока асвятлялася ў СМІ.

Летняя Алімпіяда 2016 пройдзе ў Рыа-дэ-Жанейра з 5 па 21 жніўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі